Літва заклікала Еўракамісію разабрацца з Астравецкай АЭС


3 траўня Літва звярнулася ў Еўрапейскую камісію адносна «безадказнага стаўлення Беларусі да ядзернай бяспекі ды міжнародных абавязкаў адносна Астравецкай АЭС». Пра гэта паведамілі ў літоўскім МЗС.

Аб’ектыў
Чаму жыхары Астраўца не баяцца БелАЭС?
2019.04.26 22:18

Міністры замежных спраў і энергетыкі Літвы Лінас Лінкявічус і Жыгімантас Вайчунас накіравалі супольны ліст віцэ-прэзідэнту Еўракамісіі Марашу Шэфчавічу, вярхоўнай прадстаўніцы ЕЗ у міжнародных справах і палітыцы бяспекі Федэрыцы Магерыні, еўракамісару ў пытаннях наваколля, марскіх справаў і рыбалоўства Кармэну Вэллю, еўракамісару ў пытаннях клімату ды энергетыкі Мігелю Каннетэ ды еўракамісару ў пытаннях еўрапейскай палітыкі добрасуседства ды перамоваў пра пашырэнне Ёганэсу Гану.

У лісце яны заяўляюць пра адмову Беларусі супрацоўнічаць з Еўрапейскім звязам адносна наваколля і ядзернай бяспекі, адзначаюць «безадказны падыход» да гэтых пытанняў ды падкрэсліваюць няздольнасць адпавядаць міжнародным абавязацельствам адносна Астравецкай АЭС.

«Літва не пагаджаецца з небяспечным ядзерным праектам у суседстве з ЕЗ. Нягледзячы на неаднаразовы заклік ЕЗ да Беларусі ліквідаваць няспраўнасці, выяўленыя падчас стрэс-тэстаў, Беларусь працягвае надаваць прыярытэтную ўвагу графіку будаўніцтва, а не ядзернай бяспецы», – адзначыў міністр замежных спраў Лінкявічус.

Сваім лістом Літва спрабуе паказаць Еўразвязу неабходнасць прымаць тэрміновыя захады для абароны бяспекі ўсяго ЕС. У прыватнасці, міністры прапануюць, каб Еўрапейская камісія ўзяла на сябе ініцыятыву і распрацавала ўсёабдымны план дзеянняў для наступных крокаў ЕЗ да БелАЭС

МГ belsat.eu

Стужка навінаў