«Літва ўсё зрабіла слушна. А нам раяць лекавацца трактарамі». Беларусы вяртаюцца з Вільні на радзіму


З поўначы 16 сакавіка ў Літве дзеіць 15-дзённы каранцін. 17 і 18 сакавіка амбасада Беларусі ў Літве зарганізавала аўтобусы да мяжы, якімі беларусы здолелі заехаць на радзіму.

18 сакавіка в Вільні адпраўляецца апошні аўтобус. Выезд запланавалі на 17:00 паводле мясцовага часу ад гатэлю «Grata». Аўтобус едзе толькі да мяжы, далей людзі мусяць пехатою трапіць на радзіму. Ад 00:00 23 сакавіка Літва закрывае межы для ўсіх замежнікаў. Belsat.eu паразмаўляў з беларусамі, якія выязджалі з Літвы ў апошніх аўтобусах.

Фота: Belsat.eu

«Я была ў досыць доўгай паездцы – з’ехала з Беларусі яшчэ на пачатку сакавіка, – распавядае маладая дзяўчына. – Спачатку я была ў Рызе, потым паляцела ў Прагу, далей быў Будапэшт і Капенгаген, адкуль у панядзелак я нарэшце прыляцела ў Літву. На працягу ўсёй паездкі было дастаткова спакойна. Па прылёце ў Літву я ўжо ведала, што закрываюць межы. У мяне быў аўтобус з Коўна да Менску, аднак яго адмянілі. Так што давялося ехаць з аэрапорту да гораду, а адтуль ужо дабірацца да Вільні…».

Дзяўчына кажа, што ейныя калегі ўжо папрасілі яе бліжэйшыя два тыдні заставацца ўдома. З мяжы яе будзе забіраць знаёмы.

Фота: Belsat.eu

Побач стаіць сталая кабета, якая спрабуе даехаць да Ліды.

«Мяркую, што каранцін трэба ўводзіць абавязкова. Я перажываю не толькі за сябе, бо знаходжуся ў зоне рызыкі, але і за дзяцей, унучак. Адныя хваляванні».

Ейная дачка дадае:

«Маці прыязджала ў госці, каб дапамагчы з дзецьмі. Аднак паколькі на працу цяпер ні я, ні муж не ходзім, бабулю выпраўляем да дому».

Фота: Belsat.eu

Мужчына з Менску, які працуе ў літоўскай фірме, кажа, што апошнімі днямі быў у Францыі.

«Прыплылі сюды на пароме, Польшча была зачынена. У інтэрнэце знайшлі інфармацыю, што будуць вывозіць, вось мы сюды і прыехалі. Не ведаю, можа быць, у Беларусі і не трэба ўводзіць каранцін.Пакуль планую адпачываць, не хварэць, пабыць разам з сям’ёй».

«Тое, што аўтобус едзе толькі да мяжы, не вельмі зручна. Але што зробіш? Паеду прыватным мікрааўтобусам да Менску за 30 рублёў, далей буду дабірацца ў Гомель чыгункай», – кажа яшчэ адзін пасажыр аўтобусу, які арганізавала амбасада.

Фота: Belsat.eu

Сярод тых, хто паспеў зарэгістравацца на рэйс да мяжы, ёсць і студэнты.

«Я вучуся ў ЕГУ, з пачатку месяца нас перавялі на дыстанцыйнае навучанне. Пакуль незразумела, як будзе пераносіцца сесія. Працую дыстанцыйна, таму самаізаляцыя ў Беларусі – не горшы варыянт», – кажа студэнтка Сабіна Аліева.

Фота: Belsat.eu

Яшчэ адна студэнтка ЕГУ кажа, што едзе дадому, бо праз каранцін не здолела падаць дакументы на жыхарства ў Літве – да дня падачы заставалася літаральна тры дні. Дзяўчына спешна вяртаецца, бо хвалюецца, што пратэрмінаванне перабывання ў Літве можа пагражаць ёй забаронай уезду ў шэнгенскую зону.

«Літва ўсё зрабіла слушна. А нам кажуць, што мы можам лячыцца трактарамі і гарэлкай. Тут я адчуваю сябе вельмі спакойна, бяспечна. А вось наконт Беларусі не ўпэўненая. Мне пашанцавала, што на радзіме я жыву за горадам, дзе не так шмат людзей. Прысвячу гэты час сабе», – кажа студэнтка.

Фота: Belsat.eu

Ганна Русінава Belsat.eu

Стужка навінаў