Літва хоча запрасіць Лукашэнку на пахаванне Каліноўскага


Фотаздымак Кастуся Каліноўскага і ягоны імаверны чэрап. Ілюстрацыя – Літоўскі нацыянальны музей

У Вільні таксама спадзяюцца, што Беларусь дапаможа з канчатковай ідэнтыфікацыяй удзельніка паўстання 1863–1864 гадоў.

8 красавіка ў Вільні прайшла прэсавая канферэнцыя па выніках даследавання парэшткаў лідараў паўстання 1863–1864 гадоў, знойдзеных на гары Гедыміна. Падчас яе стала вядома, што Літва плануе запрасіць прадстаўнікоў Беларусі, Украіны і Польшчы – у тым ліку вышэйшых кіраўнікоў гэтых краінаў – на ўрачыстае пахаванне паўстанцаў, якое адбудзецца ўвосень у капліцы на віленскіх могілках Росы.

«Мы глядзім на эпоху паўстання не як на літоўскую справу, а як на справу ўсяго рэгіёну, якая яднае, перадусім, Літву, Польшчу і Беларусь. Таму вельмі важна, што на афіцыйныя ўрачыстасці былі запрошаныя дэлегацыі з гэтых краінах. Мы таксама казалі аб магчымым удзеле латышскага боку», – кажа «Белсату» прафесар Альвідас Нікжантайціс з Інстытуту гісторыі Літвы.

Прафесар Рымантас Янкаўскас з Віленскага ўніверсітэту заявіў, што Беларусь магла б дапамагчы з канчатковай ідэнтыфікацыяй Кастуся Каліноўскага: менавіта на тэрыторыі нашай краіны пахаваны старэйшы брат Каліноўскага, Віктар. Паводле спецыяліста, Літва звярнулася да Беларусі з просьбай параўнаць ДНК парэшткаў, але афіцыйнага адказу пакуль не дачакалася.

Напрыканцы сакавіка беларускае МЗС заявіла, што цяпер вядзе перамовы з літоўскім бокам аб магчымасці даследавання старэйшага брата Каліноўскага і з’яўлення на мемарыяльных шыльдах паўстанцаў надпісаў па-беларуску.

«Было вырашана, што імёны будуць напісаныя на літоўскай, польскай і беларускай мовах, што падкрэслівае важнасць паўстання для ўсіх гэтых краін, усіх гэтых народаў», – заявіў сёння падчас выступу Міндаўгас Квяткаўскас.

Няўдзел беларускіх спецыялістаў у супольных з літоўскімі калегамі працах па дасладеванні парэшткаў паўстанцаў, на думку гісторыка Ігара Кузмініча, звязаны з тым, што Беларусь не можа вызначыцца, хто такі Каліноўскі.

Няўдзел беларускіх і польскіх археолагаў у раскопках прафесар Альвідас Нікжантайціс тлумачыць нашаму каналу тым, што знаходка парэшткаў была выпадковай: іх выявілі падчас рэканструкцыйных працаў на гары Гедыміна.

Hавiны
Гісторык: «Калі будзе пагроза для дзяржавы – Каліноўскага ўшануюць»
2019.04.01 14:02

Падчас прэс-канферэнцыі археолаг Гіціс Грыжас з Літоўскага нацыянальнага музею нагадаў, што парэшткі і фрагменты 20 паўстанцаў былі знойдзеныя ў 14 ямінах. Усе яны былі мужчынамі ўва ўзросце ад 18 да 53 гадоў. Паводле археолага, яны былі пахаваныя без «належнай павагі»: кінутыя проста ў зямлю, некаторыя са звязанымі рукамі і мяшкамі на галовах, засыпаныя вапнай.

«Пасля правядзення медычных, антрапалагічных і генетычных даследаванняў парэшткаў мы ведаем, што сярод іх – астанкі генерала Зыгмунта Серакоўскага і Кастуся Каліноўскага, – распавёў журналістам міністр культуры Літвы Міндаўгас Квяткаўскас. – Гэта асаблівы гістарычны момант не толькі для Літвы, але і для Польшчы, Беларусі, усёй гістарычнай літоўскай дзяржавы, за якую змагаліся паўстанцы».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў