Літва хоча спрасціць візавы рэжым з Беларуссю як мага хутчэй


У траўні споўнілася 15 гадоў з моманту ўступлення Літвы ў Еўразвяз і далучэння да Шэнгенскай дамовы. Памежны кантроль на межах Літвы з іншымі краінамі-чальцамі пагаднення скасавалі ў снежні 2007 года. Фота – Forum / Zuma Press – News

Пра гэта літоўскі амбасадар у нашай краіне Андрус Пулокас заявіў у размове з агенцтвам «Інтэрфакс».

Паводле дыпламата, Літва як чалец Шэнгенскай зоны вельмі зацікаўленая ў як мага больш хуткім падпісанні пагаднення паміж Беларуссю і Еўразвязам аб спрашчэнні візавага рэжыму.

«Гэта вельмі важна, таму што дасць магчымасць спрасціць нейкія працэдуры, і самае галоўнае – адбудзецца зніжэнне кошту консульскага збору. Гэта важна яшчэ і таму, што ў самой Шэнгенскай зоне падрыхтаваны новы Візавы кодэкс. І трэба мець на ўвазе, што пасля ўступлення ў сілу новага кодэкса кошт консульскага збору павялічыцца да 80 еўра для ўсіх краін, якія не будуць мець пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. Не хацелася б патрапіць у сітуацыю, калі новы Візавы кодэкс уступіць у сілу, а пагадненне з Беларуссю яшчэ няма», – сказаў Андрус Пулокас.

Папраўкі ў візавы кодэкс ЕЗ Еўрапейская рада прыняла 6 чэрвеня, яны набудуць моц, імаверна, ужо ў ліпені. Прымяняць яго на практыцы пачнуць праз паўгода пасля гэтага.

Што зменіцца

  • Паводле новых візавых правілаў, візу будуць выдаваць 10, а не 15 дзён.
  • Заяўкі на візу можна будзе падаваць ужо за паўгода да паездкі, а не за 3 месяцы, як цяпер.
  • Працэдура падачы заяўкі будзе цалкам электроннай.
  • Ёсць прапанова для краінаў Шэнгену зрабіць выдачу кароткатэрміновых візаў непасрэдна на мяжы. Выдача такіх візаў будзе абмежаваная, а іх атрымальнікі змогуць знаходзіцца толькі ў той краіне, дзе была выдадзеная віза.

Для беларусаў дакумент азначае, што візу стане атрымаць прасцей і хутчэй, але і даражэй: замест цяперашніх 60 яна будзе каштаваць 80 еўраў.

Для грамадзянаў Расеі, Арменіі і Азербайджану памер збору не зменіцца. Яны будуць працягваць плаціць за візу 35 еўраў – такая сума прапісаная ў дамовах гэтых краінаў з ЕЗ аб спрашчэнні выдачы візаў.

Брусель тлумачыць, што падвышэнне кошту неабходнае, каб набыць новае праграмнае забеспячэнне ды ўладкаваць консульскіх супрацоўнікаў, неабходных для больш дасканальнай праверкі візавых заявак.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў