Літва хоча дадаць у чорны спіс беларускіх міліцыянтаў і суддзяў


Лепшыя АМАПаўцы.
Фота: minsk.mvd.gov.by

Літва прапануе пашырыць санкцыйныя спісы ў дачыненні да Беларусі. Пра гэта заявіў радыё «Свабода» міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ляндсбергіс.

«Я думаю, нам трэба звярнуць увагу на тых, хто парушае правы іншых. Я маю на ўвазе гэтую ваенізаваную паліцыю, «АМАП». Таксама варта звярнуць увагу на суддзяў, якія арыштоўваюць людзей ва ўсіх гэтых псеўдасудах. І я думаю, што гэтую групу людзей можна дадаць у «чорны спіс ЕЗ», – сказаў ён.

На яго думку, «гэта было б вельмі моцным сігналам, што ў Еўропе пад санкцыі трапляюць не толькі вядучыя палітыкі, якія прымаюць самыя важныя рашэнні, але і тыя, хто сапраўды наносіць шкоду людзям на вуліцах, хто іх збівае, парушае іх правы, знявольвае іх, пазбаўляе іх правоў».

Паводле кіраўніка літоўскага МЗС, зараз Літва працуе над пакетамі сведчанняў пра такія групы людзей з Беларусі.

Раней Святлана Ціханоўская паведаміла, што чацвёрты пакет санкцыяў Еўразвязу ў дачыненні да ўладаў Беларусі можа быць разгледжаны на наступным тыдні.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў