«Літва глядзела на БНР як на саюзніка». Чаму сапсаваліся дачыненні?


Удзельнікі літоўскіх баёў за незалежнасць. Асобны беларускі батальён у літоўскім войску. Коўна 1921 г.

БНР паўставала тады, калі на еўрапейскай мапе з’яўляліся іншыя краіны. Нашыя суседзі – літоўцы – былі аднымі з тых, хто падтрымаў абвяшчэнне нашай незалежнасці. Цікавы факт, што паміж Літвой і Беларуссю ніколі не было ваенных канфліктаў.

Інтэрвʼю Ганны Русінавай з літоўскім гісторыкам Альгісам Каспяравічусам пра невядомыя моманты супольнай гісторыі.

Чаму Літва падтрымала Урад БНР, калі ён быў вымушаны пакінуць Беларусь і пераехаць у Коўна?

Так, Літва тады падтрымала, відаць, дзеля супраціву польскім планам. Іншага тлумачэння быць не можа. Тады не было месца для асаблівага альтруізму, Літва проста глядзела як на саюзніка. Тады паказалі імкненне да незалежнасці. Ну, а што не атрымалася стварыць дзяржаву, гэтаму ўсё ж такі перашкодзілі вонкавыя прычыны. Іншыя краіны, якія былі нашмат мацнейшыя.

Як у той час тады дапамагала Беларусі Літва?

Не вельмі гэта ўплывала, бо гэта была слабая краіна і невялікая. І ніяк не магла асабліва дапамагчы. Гэта была больш дыпламатычная дапамога з краіны, якая сама не была прызнаная вялікімі дзяржавамі. Калі Віленскі край быў захоплены і далучаны да Польшчы, у Літве было ўжо вельмі мала. Таму сувязі сталі менш важныя. Тым больш, эміграцыя і эмігранцкі ўрад можа існаваць доўга, але ён ужо не мае вялікага значэння ў міжнародным плане. Як сімвал – так.

 

Літоўская Тарыба, Коўна 1918 г.

Ці дапамаглі беларусы ўмацаваць незалежнасць Літвы? Як вы ацэньваеце дзейнасць палітыкаў у той час?

Адыгралі нейкую ролю і даволі значную. Па-першае, былі ўключаныя ў літоўскую дзяржаўную раду, у Тарыбу, а потым беларускі прадстаўнік Варонка ўдзельнічаў у канферэнцыі ў Маскве, якая рыхтавала дамову паміж Літвой і Савецкай Расеяй. І ён вельмі патрабаваў ці, хутчэй, прапаноўваў як мага больш уключыць земляў з Віленскай і Гарадзенскай губерні ў склад Літвы. Ён высоўваў такі аргумент, што беларусы ў Польшчы падвяргаліся жорсткаму прыгнёту. Так што, магчыма, адыграла нейкую ролю, але, трэба сказаць, гэта ўсё роўна тэрыторыя, якую прызналі, то бок Гарадзенскую губерню і вялікую частку Віленскай – яна ўсё роўна не засталася за Літвою, бо была захопленая і далучаная да Польшчы.

 

Нямецкі імператар Вільгельм II у Вільне, 1917 г.

Чаму адносіны пагоршыліся, і Урад БНР быў вымушаны пакінуць Коўна?

У 1918 годзе было такое рознагалоссе, якое, праўда, ніколі не зрабілася адкрытым канфліктам – наконт этнічнай прыналежнасці «тутэйшых». Літоўскія дзеячы лічылі, што гэта славянізаваныя літоўцы, іх трэба рэлітуанізаваць, так бы мовіць. А беларусы ўжо гаварылі не па-літоўску, нават калі яны і былі калісьці літоўцамі. Тым больш, яны былі каталікамі, а якраз у беларускім нацыянальным руху галоўную ролю гралі менавіта беларусы-каталікі, а не беларусы-праваслаўныя.

Беларусы проста былі слабейшыя, і таму Літва вырашыла, што яны не патрэбныя?

Не, не тое што непатрэбныя. Былі афіцэры-беларусы, быў беларускі полк, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях да самага снежня, калі спынілі з палякамі. Літва пры ўсім жаданні няшмат магла зрабіць, бо Польшча была нашмат мацнейшая. Ужо не кажучы пра Савецкую Расею, войскі якой, праўда, выгналі з тэрыторыі Літвы, а вось з Беларусі літоўскія войскі не маглі іх прагнаць. Палякі маглі, але тады вядома, што было б. Уся тэрыторыя была б далучаная да Польшчы.

Інтэрвʼю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Таксама ў праграме:

  • Калі нарадзілася Беларусь?
  • Пазвані мне, пазвані. Хто і чаму не павіншаваў Пуціна з пераабраннем?
  • «Польшча вельмі моцна грае на двух фартэпіяна ў дачыненнях з Беларуссю»
  • Беларусь сябруе з Іранам 25 гадоў. Каму выгоднае сяброўства?
Стужка навінаў