Літва адклікае з Беларусі яшчэ пяцярых дыпламатаў


Міністэрства замежных справаў Літвы вырашыла адклікаць некаторых дыпламатаў з Беларусі, але менш, чым патрабавалі беларускія ўлады. Пра гэта паведамляе агенцтва BNS.

Нагадаем, афіцыйны Менск 2 кастрычніка адклікаў для кансультацыяў сваіх амбасадараў у Польшчы і Літве і прапанавала амбасадарам гэтых краінаў зрабіць тое ж самае. Акрамя таго, уладам Польшчы і Літвы «прапанавана да 9 кастрычніка 2020 гады прывесці да парытэту з беларускімі замежнымі ўстановамі ў адпаведных краінах склад сваіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі». Для Літвы гэта, адпаведна, з 25 да 14 дыпламатаў, а для Польшчы – з 50 да 18.

5 кастрычніка Міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус паведаміў, што Літва адклікае свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацыяў. 9 кастрычніка МЗС абвесціла пра адкліканне яшчэ пяцярых дыпламатаў.

«Ацаніўшы розныя акалічнасці і рызыкі, мы вырашылі адклікаць яшчэ пяцярых дыпламатаў у надзеі, што гэтага будзе дастаткова, каб захаваць магчымасць дыялогу. Разам з тым мы падкрэслілі, што будуць ужытыя меры ў адказ, калі Беларусь будзе працягваць у тым жа духу», – заявіла сёння прэс-сакратарка міністра замежных справаў Літвы Раса Якілайтэне.

Такім чынам, Літва скараціла штат дыпламатычнага прадстаўніцтва толькі на 5 чалавек замест 11, на чым настойваў беларускі бок.

«Нам важна, каб праца амбасады ў Менску і консульства ў Горадні была як мага менш парушаная. Гэта неабходна не толькі для ажыццяўлення консульскай дзейнасці, выдачы візаў, падтрымкі сувязі з дыяспарай, але і для зносінаў з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі», – адзначыла яна.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў