Літва адклікае яшчэ шэсць дыпламатаў з Беларусі


МЗС Літвы прыняў рашэнне адклікаць яшчэ шэсць сваіх дыпламатаў з Менска і Горадні ў сувязі з ультыматумам беларускіх уладаў.

«Улічваючы ўльтыматыўныя патрабаванні і адклікаючы яшчэ шэсць дыпламатаў з Менска і Горадні, мы імкнемся спыніць працэс абмежавання дыпламатычных кантактаў», – паведаміла агенцтву BNS прадстаўнік МЗС Літвы па сувязях з грамадскасцю Раса Якілайцене.

Паводле яе, беларускі бок не ўлічыў кампрамісныя прапановы і працягваў ультыматыўна патрабаваць скарачэння колькасці літоўскіх дыпламатаў, а калі Літва не пагадзілася, то працуючых у Беларусі дыпламатаў мелі намер абвясціць персонамі нон грата.

Яна звярнула ўвагу на той факт, што міністры замежных спраў краін ЕЗ у панядзелак падтрымалі прынцыповае рашэнне пашырыць спіс афіцыйных асобаў Беларусі, якія трапляюць пад санкцыі, яшчэ на 10 чалавек, уключаючы Аляксандра Лукашэнку.

2 кастрычніка Беларусь адклікала сваіх амбасадараў з Вільнюса і Варшавы і заклікала Літву з Польшчай адклікаць сваіх з Менска, а таксама скараціць колькасць дыпламатычнага персаналу, ад Літвы запатрабавалі адклікаць 11 дыпламатаў, ад Польшчы – 32.

Выказваючы салідарнасць з Літвой і Польшчай, сваіх паслоў з Менска адклікала большасць краін ЕЗ і Вялікая Брытанія.

Абноўлена
Еўразвяз адклікае частку амбасадараў з Беларусі
2020.10.06 11:31

КА belsat.eu

Стужка навінаў