Літва адклікае свайго амбасадара з Беларусі


Міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва адклікае свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацыяў. Пра гэта ён паведаміў у сваім Twitter.

Нагадаем, афіцыйны Менск 2 кастрычніка адклікаў для кансультацыяў сваіх амбасадараў у Польшчы і Літве і прапанаваў амбасадарам гэтых краінаў зрабіць тое ж самае. Акрамя таго, уладам Польшчы і Літвы «прапанавана да 9 кастрычніка 2020 гады прывесці да парытэту з беларускімі замежнымі ўстановамі ў адпаведных краінах склад сваіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі». Для Літвы гэта, адпаведна, з 25 да 14 дыпламатаў, а для Польшчы – з 50 да 18.

Міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва не мае намеру адклікаць свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацыяў або скарачаць штат амбасады. Ён таксама паведаміў, што Літва ўзгадніла свае дзеянні з Польшчай.

Аднак 3 кастрычніка прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што агучаныя напярэдадні прапановы абавязковыя да выканання.

«Не ведаю, можа, з-за таго, што Лінас Лінкявічус ужо даўно з галавой сышоў у палітыку, некаторыя дыпламатычныя абароты і тэрміны ўжо крыху забыліся. Растлумачыць іх значэнне нам зусім не складана. Па-першае, зробленыя намі прапановы знаходзяцца выключна ў плоскасці суверэнных правоў Беларусі і ніхто іх не абавязаны, ды і, уласна, не збіраўся абмяркоўваць з літоўскім бокам. Калі адысці ад дыпламатычнай казуістыку, то гэта значыць, што такія прапановы абавязковыя для выканання літоўскім МЗС», – падкрэсліў Анатоль Глаз.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў