Літва абірае прэзідэнта. Ніхто не можа прадказаць пераможцу


26 траўня 2019 года. Грамадзяне Літвы галасуюць у другім туры прэзідэнцкіх выбараў. Фота – Ганна Русінава / «Белсат»

У нядзелю ў Літве будзе праходзіць другі тур выбараў прэзідэнта, у якім бяруць удзел эканаміст Гітанас Наўседа, які высунуў сваю кандыдатуру самастойна, і кандыдатка кансерватараў, былая міністарка фінансаў, сябра Сойму Літвы Інгрыда Шыманіце.

Літоўскія медыі адзначаюць нервознасць апошніх дзён выбарчай кампаніі: кандыдаты паводзяць сябе вельмі асцярожна, бо немагчыма прадказаць вынікі галасавання.

26 траўня 2019 года. Інгрыда Шыманіце галасуе на выбарчым участку. Фота – Ганна Русінава / «Белсат»

Старэйшы эксперт Цэнтру геапалітычных даследаванняў Літвы Вадзім Валавы кажа «Белсату», што абодва кандыдаты аднолькава добра папрацавалі напярэдадні другога туру, перацягваючы галасы з левага флангу, у прыватнасці тых выбарцаў, якія ў першым туры галасавалі за Саўлюса Сквярняліса. Аднак як менавіта выбарцы прагаласуюць сёння – загадка. Невядома таксама, колькі менавіта людзей прыйдзе на ўчасткі.

«Сацыёлагі не могуць прадказаць, хто стане пераможцам. Чалавек падымецца раніцай, нешта ўбачыць – і так вырашыць», – кажа Валавы.

Звычка выбіраць спантанна – традыцыйная для літоўскага электарату, кажа наш суразмоўца.

«На парламенцкіх выбарах людзі могуць галасаваць за левыя партыі, а на прэзідэнцкіх ім спадабаецца прадстаўнік кансерватараў – і яны галасуюць за іх. Але не таму, што кандыдат – кансерватар, а проста таму, што ён ім спадабаўся асабіста. Гэта абсалютна ірацыянальны выбар», – сцвярджае эксперт.

Кандыдат на прэзідэнта Літвы Гітанас Наўседа. Фота – Ганна Русінава / «Белсат»

На гэтым тыдні ў Літве адбыліся апошнія публічныя дэбаты, калі пытанні маглі задаваць людзі на плошчы – на ім, між іншага, прагучала пытанне пра АЭС у Астраўцы.

«У вонкавай палітыцы Літвы гэтае пытанне з’яўляецца дастаткова важным. Але абодва кандыдаты ўхіляюцца ад прамога адказу на яго. Маўляў, «так, мы супраць, мы будзем намагацца, каб гэтае пытанне падымалася ў Еўропе». Тэарэтычна можна сказаць, што Шыманіце займае адназначна негатыўную пазіцыю ў гэтым пытанні. Пазіцыя Наўседы, калі ён стане прэзідэнтам, будзе крыху мяккай і канструктыўнай. Але чакаць нейкага прарыву не варта», – заяўляе Валавы.

На думку эксперта, хто б абодвух прэтэндэнтаў ні перамог, Літва праз пяць гадоў мала зменіцца.

26 траўня 2019 года. Інгрыда Шыманіце размаўляе з журналістамі на выбарчым участку. Кандыдатка заявіла, што ў выпадку перамогі першае, што яна зробіць – паразмаўляе з урадам. Фота – Ганна Русінава / «Белсат»

«Калі пераможа Шыманіце, вонкавая і, напэўна, унутраная палітыка Літва будзе такой ж, як пры Далі Грыбаўскайце, – дадае Валавы. – Калі ж пераможа Наўседа – тут сказаць цяжка. Чыста тэарэтычна ёсць імавернасць, што парламенцкай большасці ўдасца з ім знайсці нейкую супольную мову. Усё будзе залежыць ад вынікаў парламенцкіх выбараў праз паўтары гады».

Таксама сёння ў Літве, як і ў кожнай краіне ЕЗ, адбываюцца выбары ў Еўрапарламент. Агулам літоўцы абяруць 11 еўрапарламентарыяў. Выбарчыя ўчасткі адкрытыя з 7:00 да 20:00 паводле літоўскага часу (супадае з беларускім).

Hавiны
Літва мяняе прэзідэнта. З кім Лукашэнку дамовіцца пра БелАЭС найпрасцей?
2019.04.15 16:45

ДД belsat.eu

Стужка навінаў