Літва аб'явіць каранцін і закрые межы для замежнікаў


Увоз і транзіт тавараў у Літву працягнецца без абмежаванняў. Фота – Kacper Pempel / Reuters / Forum

Ад поўначы 16 сакавіка ў Літве будзе дзеяць 15-дзённы каранцін. На гэты перыяд нашыя паўночна-заходнія суседзі закрыюць таксама межы для іншаземцаў. Пра гэта ўвечары 14 сакавіка заявіў прэм’ер-міністр гэтай краіны Саўлюс Сквярняліс, падае тэлевізія LRT.

Каранцін распачнецца ў ноч з нядзелі на панядзелак і працягнецца прынамсі да 23:59 30 сакавіка. Пасля ўрад можа працягнуць каранцін у залежнасці ад сітуацыі.

Згодна з распараджэннем ураду, будзе забаронены ўезд у Літву замежнікам. Уехаць змогуць:

  • асобы, якія забяспечваюць дастаўку неабходных тавараў у Літву і чальцы экіпажаў;
  • чальцы сем’яў грамадзянаў Літвы;
  • асобы, у якіх ёсць права на пражыванне і працу ў Літве;
  • дыпламаты;
  • прадстаўнікі ваенных місіяў НАТА.

Часова будзе прадстаўлены гуманітарны калідор грамадзянам Латвіі і Эстоніі для вяртання дадому.

Скароціцца колькасць пагранічных прапускных пунктаў, праз якія можна будзе ўехаць у Літву.

Грамадзянам Літвы забараняецца ездзіць у закранутыя каронавірусам краіны ўсімі сродкамі транспарту. Таксама разглядаецца магчымасць забараніць выезд за мяжу не з працоўнымі мэтамі.

Унутры краіны закрыюцца ўсе крамы і кірмашы, за выключэннем харчовых, а таксама аптэк і ветэрынарных аптэк.

Кавярням і рэстарацыям дазволена будзе прадаваць ежу толькі на вынас.

Будуць абавязаныя закрыцца таксама цырульні і салоны прыгажосці, а таксама СПА-салоны, якія не прадстаўляюць паслугі, звязаныя з лекаваннем.

Колькасць пасажыраў у міжгародніх аўтобусах і цягніках будзе абмежаваная такім чынам, каб людзі маглі захоўваць дыстанцыю паміж сабой. Рэкамендацыі рабіць гэта зробяць і для гарадскога транспарту.

Пры неабходнасці гатэлі будуць павінныя будуць пускаць людзей на каранцін, дзяржава будзе гэта аплачваць.

Паводле міністаркі ўнутраных справаў Рыты Тамашуніене, беларусы на тэрыторыі Літвы, якія адчуюць сімптомы каронавірусу або даведаюцца, што кантактавалі з заражанай асобай, мусяць патэлефаванаць па нумары 112 і растлумачыць сваю сітуацыю, а таксама, па магчымасці, ізаляваць сябе – напрыклад, у гатэлі.

«Галоўнае, не хадзіць і не распаўсюджваць вірус, – кажа чыноўніца. – Дапамагаць такім пацыентам мы будзем бясплатна, бо нам важна ізаляваць распаўсюднікаў вірусу».

З 16 сакавіка шпіталі адкладуць усе планавыя аперацыі за выключэннем неабходнай медычнай дапамогі, паслугі рэбілітацыі і планавыя прышчэпкі.

«Калі перабыванне ў іншай краіне ня ёсць вельмі важнай справай, а таксама пакуль транспартныя абмежаванні ўвялі не ўсе дзяржавы, я б вельмі раіла людзям вяртацца ў свае родныя краіны, бо ўдома праблемы можна вырашыць хутчэй», – дадала Тамашуніене.

Ад панядзелку ўрад Літвы забараняе:

  • усе масавыя імпрэзы, як у закрытых памяшканнях, так і на паветры;
  • наведванне пацыентаў у лячэбных установах, а таксама вязняў у месцах зняволення;
  • уваход круізных лайнераў у Клайпедскі порт.

Як у дзяржаўным, гэтак і ў прыватным сектары працаўнікам рэкамендуецца працаваць на хаце.

Парушальнікам каранціну пагражае адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.

У Літве пакуль выяўлены восем выпадкаў коронавіруса, два з іх – у суботу.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў