Літоўцы выбралі нацыянальную страву. Перамог… халаднік

Халаднік, або халодны суп з буракоў, перамог у апытанні на любімую і найбольш рэкамендаваную страву сярод літоўцаў, якія жывуць у краіне і за мяжою. За суп прагаласавала 8,5 тысячы асобаў. Агулам у апытанні ўзялі ўдзел 10 тысяч асобаў.

Такі вынік не здзівіў арганізатараў конкурсу Народнае агенцтва прамоцыі турызму «Падарожнічай па Літве».

«Штогод улетку назіраем у Літве сапраўдны ружовы павадак халадніку», – распавядае Індрэ Юргайтэ, прадстаўніца турагенцтва.

Фота: Зміцер Дзема / wikipedia.org

Мэтаю апытання, якое праводзілася цягам трох тыдняў, было вылучэнне 15 страваў, якія будуць прэзентаваныя турыстам як кулінарная візітоўка Літвы. З абраных страваў будзе створана меню, якое запрапануюць турыстам у спецыяльных азначаных рэстаранах, барах і кавярнях.

У галасаванні, вынікі якога былі аб’яўленыя на гэтым тыдні, стравы падзеленыя на пяць катэгорыяў: супы, закускі, галоўныя стравы, дэсерты і напоі.

У катэгорыі супоў найбольшую колькасць галасоў атрымаў халаднік. Наступныя – суп з квашанай капусты і грыбны суп. Сярод закусак першае месца здабыў запечаны з сырам хлеб – літоўская «разынка», далей жмудскі каштын – страва са смятаны, часныку і масла з прыправамі, а таксама селядзец з бульбаю.

 

https://belsat.eu/news/top-5-samyh-belaruskih-alkagolnyh-trunkau-ad-kuhmistra-verashchaki/?btid=d5b539c6770e46a30bce2cff66194ba8

Самыя папулярныя галоўныя стравы – гэта цэпеліны, бульбяная бабка і галубцы. Сярод дэсертаў пануе банкуха, сырны пірог з яблыкамі і лянівец. Сярод напояў – квас, піва і медавуха.

«Мы стварылі народнае меню і маем адмыслова акрэсленыя рэстараны, каб турысты, якія да нас прыязджаюць, не мусілі разважаць, што пакаштаваць і дзе знайсці гэтыя стравы», – падсумоўвае Юргайтэ.​

Часткова агульную кулінарную спадчыну з літоўцамі маюць і беларусы. Пра кухню Вялікага княства Літоўскага распавядала «Белсату» шэф-кухарка і даследніца гісторыі ежы Алена Мікульчык.​

 

https://belsat.eu/news/gistoryk-kuhni-belarusy-vegetaryyanskaya-natsyya/?btid=d5b539c6770e46a30bce2cff66194ba8

ПЯ / КТ Belsat.eu паводле агенцыі PAP

Hавiны