Навукоўцы правядуць генетычны дослед, каб пацвердзіць парэшткі Каліноўскага


Кастусь Каліноўскі

Літоўскія даследчыкі хочуць праз генетычныя доследы высветліць, якія з парэшткаў, знойдзеных летась на гары Гедыміна, належаць Кастусю Каліноўскаму. На падтрымку Менску ў генетычным аналізе не разлічваюць.

Пра гэта ўчора на адмысловай лекцыі распавёў антраполаг Рымантас Янкаўскас, паведамляе сайт «Westki.info» са спасылкай на агенцыю BNS.

У прыватнасці антраполаг сказаў, што брат Каліноўскага быў пахаваны ў Беларусі. Але малаверагодна, што Менск дазволіць навукоўцам правесці яго эксгумацыю для генетычнага аналізу.

«Пакуль што ініцыятыву з таго боку праяўляюць толькі асобныя грамадскія дзеячы», – сказаў Янкаўскас.

Навуковец паведаміў, што на дадзены момант шукаюцца іншыя сваякі Каліноўскага:

«Адна генеалагічная лінія прасочваецца да цяперашняга часу, але мы бачым, што яна ламаецца. Цяпер працуем з іншай генеалагічнай лініяй, але пакуль што больш дэталяў паведаміць не магу».

Паводле навукоўца, даследчыкі ўжо зараз ідэнтыфікавалі канкрэтныя парэшткі, якія могуць належыць Каліноўскаму, аднак доказаў, каб гэта канчаткова пацвердзіць, яшчэ вельмі мала.

Аднак навукоўцы ўжо не маюць сумневу наконт парэшткаў іншага лідара паўстання 1863-1864 гадоў Зыгмунту Серакоўскага.

На дадзены момант даследчыкі знайшлі 17 парэшткаў, 13 з якіх могуць быць звязаныя з канкрэтнымі асобамі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў