Літоўскі эксперт: перапахаванне Каліноўскага ў Беларусі стала магчымае пасля візіту Болтана


Кастусь Каліноўскі і Валер Урублеўскі сярод паўстанцаў. Карціна Пётры Сергіевіча

Перапахаванне беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага ў Беларусі стала магчымае ў выніку паляпшэння стасункаў паміж Менскам і Вашынгтонам. Пра гэта ў каментары belsat.eu заявіў Вадзім Валавы, старэйшы эксперт Цэнтру геапалітычных даследаванняў Літвы.

За апошні месяц Беларусь наведалі цяпер ужо былы дарадца прэзідэнта ЗША Джон Болтан і намеснік дзяржсакратара Злучаных Штатаў Дэйвід Гэйл, які заявіў пра аднаўленне працы амерыканскага амбасадара ў Менску.

Аб’ектыў
Ці інтэграцыя з Расеяй і вяртанне ў Беларусь амбасадара ЗША – звязаныя рэчы?
2019.09.17 22:01

«Пасля візіту Болтана, калі мякка казаць, ЗША заклапаціліся суверэнітэтам Беларусі ў кантэксце яе інтэграцыі з Расеяй. Пасля гэтага Літва, якая звычайна робіць тое, што і ЗША, таксама пачала казаць пра суверэнітэт Беларусі і праяўляць крокі ў напрамку наладжвання пэўнага дыялогу, нават нягледзячы на праблемы з Астравецкай атамнай электрастанцыяй», – заявіў эксперт.

На ягоную думку, «гэты эпізод з перапахаваннем добра ўпісваецца ў палітыку Літву, якая зараз намецілася, асабліва з улікам гістарычнага кантэксту барацьбы літоўскага і беларускага народаў з расейскім імперыялізмам».

Меркаванні
Сімвалічнае хаджэнне з прахам
2019.09.25 15:08

Таму, лічыць Вадзім Валавы, у Літве ініцыятыва з боку беларускай грамадскасці пра перапахаванне Кастуся Каліноўскага ў Менску можа выклікаць разуменне і згоду.

«Інфармацыйны акцэнт можа рабіцца на ўзнаўленні пэўных сувязяў», – заявіў ён.

З улікам жа таго, што, паводле некаторых звестак, літоўскія ўлады першымі прапанавалі пахаваць Кастуся Каліноўскага Беларусі, эксперт мяркуе, што афіцыйная Вільня «такім чынам хоча і выкруціцца з сітуацыі не запрашаць беларускі бок у Літву».

Але застаецца адкрытым пытаннем, як на гэта адрэагуе афіцыйны Менск.

«Магчыма, афіцыйны Менск больш зацікаўлены, каб гэта ўсё [парэшкті. – Рэд. belsat.eu] пахавалі ў Літве, але запрасілі нейкага высокапастаўленага беларускага прадстаўніка ад уладаў», – мяркуе Вадзім Валавы.

Кастусь Каліноўскі быў адным з кіраўнікоў паўстання 1863 – 1864 гадоў. Выдаваў з паплечнікамі першую беларускамоўную газету – «Мужыцкая праўда». Быў схоплены царскімі жандарамі ды пакараны смерцю праз павешанне за арганізацыю паўстання супраць царскага рэжыму. Расправа адбылася 22 сакавіка 1864 года на Лукішскім пляцы ў Вільні. Імаверна, што Каліноўскага пахавалі на Гары Гедыміна, дзе ў тыя часы месціўся расейскі вайсковы гарнізон.

Ягоныя магчымыя парэшткі знайшлі ў 2017 годзе падчас працаў на гары. Перапахаваць яго і іншых паўстанцаў плануецца сёлета ўвосень.

Hавiны
Гісторык: «Калі будзе пагроза для дзяржавы – Каліноўскага ўшануюць»
2019.04.01 14:02

24 верасня стала вядома, што дзеячы культуры і прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі звярнуліся да кіраўніцтва Літвы з просьбай пахаваць Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Пры гэтым заяўляецца, што літоўскі бок сам першым прапанаваў пахаваць паўстанца ў Беларусі, а літоўскія дэпутаты могуць падтрымаць зварот беларускай інтэлігенцыі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў