Літоўская віза для Лукашэнкі

ВІДЭА

«План-хуліган» літоўскага прэм’ер-міністра Саўлюса Сквярняліса для Беларускай АЭС у Астраўцы. Кіраўнік ураду ў Вільні прапануе спыніць будоўлю атамнай станцыі, а ўжо створаную інфраструктуру пераарыентаваць на газ. Блакітнае паліва Сквярняліс прапануе набываць не ў Расеі, а супольна імпартаваць з іншых краінаў праз літоўскія парты. Правяраў Ігар Кулей.

Афіцыйнай рэакцыі Менску на прапанову літоўскага прэм’ера яшчэ не было, але нават у Вільні ў план Саўлюса Сквярняліса мала хто верыць.

«Тэхналагічна гэта, хіба што, магчыма, але гэта нерэалістычна», – лічыць Эўгеніюс Гентвілас, дэпутат Сейму Літвы, чалец парламенцкага камітэту па эканоміцы

Падобнага меркавання прытрымліваецца і Віргіліюс Подэрыс, дэпутат Сейму Літвы, кіраўнік групы па каардынацыі дзеянняў па пытаннях астравецкай АЭС:

«Без значных стратаў (для Беларусі –заўв. belsat.eu) гэта немагчыма. Гэта трэба шчыра сказаць».

Калі прыгледзецца «плану-хулігану» бліжэй, то можна пабачыць, што за ім стаіць моцны не экалагічны, а палітычны аспект. У Літве набліжаюцца прэзідэнцкія выбары і тэма Астравецкай АЭС сталася часткай перадвыбарных праграмаў.

«Мы прапануем альтэрнатыву. Альтэрнатыву ў энергетычнай палітыцы, якая дагэтуль арыентавалася толькі аднабакова. Можам размаўляць (з Беларуссю – заўв. belsat.eu) пра газавую энергетыку, можам пра аднаўляльную», кажа Дэйвідас Матулёніс, віцэ-канцлер літоўскага ўраду.

Жыгімантас Павілёніс, дэпутат Сейму Літвы, Кіраўнік камітэту па дэмакратыі і трансатлантычных стасунках:

«Нават калі наш прэмʼер пачынае нейкія двухбаковыя персанальныя манеўры, бо хоча выйграць прэзідэнцкія выбары, гэта не значыць, што Літва з Лукашэнкам. Прэзідэнт Літвы Грыбаўскайтэ ясна абвесціла, што не падтрымлівае ініцыятыву прэмʼера. Гэта ясна гучыць у парламенце. І на наступным тыдні ў Сейм будзе выкліканы міністр замежных справаў, які таксама заяўляе, што не падтрымлівае план прэмʼера».

Эўгеніюс Гентвілас, дэпутат Сейму Літвы, чалец парламенцкага камітэту па эканоміцы:

Я перакананы, што ўсе палітыкі ў Літве павінныя весці сябе суадносна закону, і праводзіць такую ж дзяржаўную лінію. А тое, што здарылася з прэмʼер-міністрам гэта самадзейнасць.

План літоўскага прэмʼера можа гучаць як нерэальны. Але на той ці іншай стадыі ў постсавецкіх краінах былі закансерваваныя ці пераробленыя на іншыя віды паліва 9 АЭС. Адна з іх на тэрыторыі Беларусі. Менскую ТЭЦ-5 пачалі будаваць у 1983 годзе, як атамную электрастанцыю. Але пасля Чарнобыльскай аварыі перарабілі на газавую. Ёсць для Беларусі і «бонусы» адмовы ад фіналізацыі астравецкага атамнага праекту.

Арцём Быстрык з беларускай партыі «Зялёныя» лічыць:

Пакуль АЭС не запусцілася, то мы маем права не выплочваць крэдыт, калі я правільна ўсё разумею. Таму тэарэтычна Беларусь можа зацягнуць гэты працэс дастаткова доўга і пазней паціху праект закансерваваць.

Адзіная альтэрнатыва плану Сквярняліса – амаль ультыматыўная пазіцыя афіцыйнае Вільні – пабудова Астравецкай станцыі мусіць быць спыненая. І Літва выкарыстоўвае ўвесь даступны палітычны і дыпламатычны арсенал, каб Менск гэта пачуў. У выніку Беларусь не можа падпісаць ні пагаднення аб спрошчаным візавым рэжыме, якое ў перспектыве знізіць кошт шэнгенскіх візаў для нашых грамадзянаў на 50 еўра, ні дамову аб прыярытэтах партнёрства з Еўразвязам.

«Праз пазіцыю адной краіны, Еўразвяз становіцца закладнікам палітыкі гэтай краіны. Таму, што адна краіна пераносіць нейкія праблемныя нюансы ў двухбаковых адносінах на ўсю палітыку Еўразвязу», – Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі.

І хоць міністр не кажа ў адкрытую, што гэта за еўрапейская краіна, сумневаў у гэтым не так і шмат.

Жыгімантас Павілёніс, дэпутат Сейму Літвы, кіраўнік камітэту па дэмакратыі і трансатлантычных стасунках упэўнены:

«Калі Беларусь хоча будаваць доўгатэрміновыя адносіны з Літвой і Еўропай, а мы частка Еўропы, то яна павінная слухацца свайго суседа. І не трэба думаць, што можна абысці Літву і знайсці наўпроставы шлях у Брусель. Так не атрымаецца.(…) Шлях Беларусі ў Еўропу ідзе праз Літву».

Няўдалы ў дыпламатычным плане выбар астравецкай пляцоўкі пад пабудову атамнай электрастанцыі зрабіў гэтую АЭС закладніцай беларуска-літоўскіх дачыненняў на дзесяцігоддзі наперад. У выніку Менск мусіць лічыцца з наступствамі свайго рашэння.

«Нельга чакаць вялікіх саступак з боку Літвы, ці што пытанне будзе перанесенае з першага шэрагу ў наступны шэраг, як у дачыненнях з Літвой, гэтак і ў дачыненнях з Еўразвязам. У Еўразвязе дзейнічае прынцып «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго», – лічыць палітолаг Алесь Лагвінец.

Жыгімантас Павілёніс дадае:

«Калі рэактар у Астраўцы запрацуе, то гэта будзе машына, на якой Лукашэнка прыедзе ў Маскву, але дакладна не ў Брусель».

Выглядае на тое, што абодва бакі цвёрда стаяць на сваім і не збіраюцца саступаць. Як гэта не дзіўна, але час на такую пазіцыю яшчэ ёсць. Летась, у верасні, Аляксандр Лукашэнка абвесціў, што Расея сарвала ўсе тэрміны па пабудове АЭС, і ейны запуск у 2019 годзе не адбудзецца. Магчыма, што гэтага не будзе і нават у 2020-м.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою ад 08.03.2019

Глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25 міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою. Заходзьце на Facebook праграмы!

belsat.eu

 

 

Глядзі таксама
Каментары