Літоўска-польска-украінская пяхотная брыгада атрымала імя ў гонар гетмана Канстанціна Астрожскага


Міжнароднае вайсковае ўтварэнне адметнае тым, што не мае агульнага месца раскватаравання: штаб знаходзіцца ў Любліне, а астатнія часткі – на сваіх звычайных базах у родных краінах. Міністэрства абароны Літвы паведамляе, што брыгада будзе названая ў гонар пераможцы маскоўскага войска пад Воршаю Канстанціна Астрожскага.

Партрэт Канстанціна Астрожскага. Сайт Мінабароны Летувы.

Міратворцы з Рэчы Паспалітай

Перайменаванне адбылося разам з частковай зменай трохбаковай дамовы аб стварэнні баявой адзінкі. Раней гэта было зʼяднанне войск з пераважна адукацыйнымі функцыямі – афіцэры і байцы павінны былі рыхтавацца да сумесных дзеянняў, падвышаючы ўзровень супрацы і ўзаемапаразумення. Для Украіны гэта была таксама нагода атрымаць досвед у карыстанні стандартамі сувязі і арганізацыйнай структуры NATO.

Цяпер брыгада можа таксама выкарыстоўвацца падчас міжнародных вайсковых аперацый адпаведна з міжнародным правам. То бок можа быць адпраўленая ў зону баявых дзеянняў. Аднак не для вядзення вайны, а для «падтрымкі міра і спынення крызісаў» на падставе мандата Рады Бяспекі ААН, паведамляе афіцыйны сайт вайсковай адзінкі.

Карціна «Бітва пад Оршай». Сайт Мінабароны Літвы.

Дзеля гэтага адна з мэтаў камандавання брыгады – навучыцца дзейнічаць ва ўмовах абмежаванага выкарыстання зброі, збіраць інфармацыю і разбудоўваць супрацу з мясцовым цывільным насельніцтвам ва ўмовах дзеяння разнастайных палітычных і эканамічных інтарэсаў.

Жыць асобна, разам змагацца

Брыгаду стварылі ў верасні 2014 года, яе ўзначальвае па чарзе прадстаўнік арміі кожнай дзяржавы-удзельніцы па прынцыпе ратацыі. Цяпер камандуе адзінкай палкоўнік польскай арміі Зянон Брушка.

Асноўныя баявыя часткі брыгады – летувіскі батальён уланаў Вялікай княгіні Біруты, польскі Падхальскі батальён стралкоў і ўкраінскі аэрамабільны батальён. Таксама ў яе склад залічаныя батальён самаходнай артылерыі, батальён супрацьпаветранай абароны, батальён сапёраў. Дзейнічае і рота вайсковай паліцыі, якая складаецца з трох нацыянальных звязаў. Такім чынам агульны лік байцоў брыгады можа перавышаць 3.000 чалавек.

Жаўнеры шматнацыянальнай брыгады з рэканструктарамі ваяроў Рэчы Паспалітай. Фота litpolukrbrig.wp.mil.pl

Аднак LITPOLUKRBRIG (афіцыйны скарот для назову адзінкі) адрозніваецца ад усіх астатніх тым, што не мае агульнага месца раскватаравання. Штаб брыгады знаходзіцца ў Любліне. А астатнія часткі – на сваіх звычайных базах у родных краінах – і збіраюцца разам для правядзення вучэнняў.

Такім чынам утворана нешта накшталт сеткавай структуры. Інтэграцыя – вось галоўная ідэя існавання трохнацыянальнай адзінкі. Штаб брыгады павінен забяспечыць эфектыўнае планаванне, каб у патрэбны час склікаць сваіх падначаленых і кіраваць шматнацыянальнымі сіламі, а самі вайскоўцы павінны навучыцца супрацоўнічаць.

Другі Ганібал

Князь Канстанцін Астрожскі быў прадстаўніком праваслаўнай арыстакратыі Вялікага княства Літоўскага, меў уладанні на тэрыторыі сучасных Беларусі і Украіны. У пачатку 16 стагоддзя доўгі час быў вялікім гетманам літоўскім – узначальваўшы такім чынам усе войскі Вялікага княства.

У 1514 годзе гетман Астрожскі перамог шматлікае маскоўскае войска ў бітве пад Воршаю, кіруючы арміяй ВКЛ разам з атрадамі польскіх наймітаў і добраахвотнікаў. У выніку князя, які атрымаў і славу аднаго з самых здольных военачальнікаў свайго часу, называлі «другім Ганібалам» і «рускім Сцыпіёнам».

«Насамрэч, ніхто ня служыў Літве і Польшчы старанней за Астрожскага, брата расейцаў у царкве, але страшэннага ворага іх у полі. Адважны, бадзёры, славалюбівы, гэты ваявода адушавіў палкі Літоўскія, шляхецкія паны і шараговыя ваяры ахвотна ішлі з ім у бой», – пісаў пра Астрожскага расейскі гісторык Мікалай Карамзін.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў