Літоўскі аналітык: Калінінград – небяспечны, бо там шмат зброі і беспрацоўе


У выпадку вайны Расея паспрабуе пракласці калідор з Калінінградскай вобласці да Беларусі праз балтыйскую краіну, мяркуюць літоўскія эксперты.

«Мы вельмі шмат увагі надаем пагрозе гібрыднай вайны. Расея – такая краіна, якая вядзе сябе па-рознаму. Калі ва Украіне яна ўжыла гібрыдную вайну, гэта не значыць, што тое ж зробіць і ў краінах Балтыі. Можа, увогуле ніякай вайны не будзе, магчыма, яны іншымі спосабамі знішчаць ЕЗ і НАТО», – кажа аналітык Цэнтру даследаванняў усходняй Еўропы Марус Лаўрынавічус. Ён мяркуе, што ў выпадку вайны Літва можа стаць своеасаблівым транзітным калідорам.

Аналітык абароннай палітыкі Александрас Матоніс удакладняе, што гэты калідор меў бы злучыць Калінінградскую вобласць з Беларуссю. Напрыклад, падчас расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Захад» адпрацоўваўся такі сцэнар.

«Калінінградская вобласць – вельмі мілітарызаваная тэрыторыя з вялікай колькасцю сацыяльных праблемаў, даволі высокім узроўнем беспрацоўя, з-за таго, што рэгіён аддзелены ад Расеі, рынак працы ізаляваны. Названыя фактары абумоўліваюць небяспечнасць названага краю. Мы ведаем, што большая частка вайсковых палігонаў вобласці знаходзяцца на мяжы з Літвой», – адзначае Александрас Матоніс.

НМ, belsat.eu, паводле Delfi.lt

Стужка навінаў