Лісты салідарнасці: у Варшаве падпісалі паштоўкі для беларускіх палітвязняў


На імпрэзу, зладжаную Беларускім домам у Варшаве, прыйшло больш за 30 чалавек.

Беларускі дом у Варшаве вырашыў падтрымаць ахвяраў чарговай хвалі палітычных рэпрэсіяў і зладзіў імпрэзу «Лісты салідарнасці». 16 чэрвеня больш за 30 чалавек сабраліся на сядзібе арганізацыі, каб падпісаць паштоўкі палітзняволеным.

Алесь Зарэмбюк, старшыня Беларускага дому ў Варшаве.
Фота: Вітаўт Сіўчык / Belsat.eu

Старшыня Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк у каментары «Белсату» зазначыў важнасць падтрымання ўсіх палітзняволеных:

«Мы паказваем, што мы за мяжой не забыліся на Айчыну і моцна перажываем за беларускія справы», – кажа ён.

Падпісаць паштоўкі прышлі не толькі беларусы, але нават і ўраджэнец Бразіліі. Карлас даведаўся пра імпрэзу ад беларускіх сяброў, і вырашыў падтрымаць палітвязняў.

Карлас з Бразіліі,
Фота: Вітаўт Сіўчык / Belsat.eu

Беларускі дом вырашыў правесці імпрэзу, бо гэтая выбарчая кампанія стала найбольш жорсткай з усіх.

«Беларуская ўлада пачала новую хвалю рэпрэсіяў у сувязі з прэзідэнцкімі «выбарамі», якія прызначаны на 9 жніўня 2020 года. Як ніколі раней, яшчэ на этапе збору подпісаў прэтэндэнтаў у кандыдаты яны пачалі саджаць актывістаў пад варту. Беларуская міліцыя затрымала ўжо некалькі дзясяткаў чалавек: незалежных блогераў, апазіцыйных палітыкаў і прыхільнікаў прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі», – гаворыцца на старонцы арганізацыі.

Дзяўчына падпісвае паштоўку палітзняволенаму. Фота: Вітаўт Сіўчык / Belsat.eu
Падпісанне паштовак. Фота: Вітаўт Сіўчык / Belsat.eu
Паштоўкі для палітзняволеных. Фота: Вітаўт Сіўчык / Belsat.eu
Дзяўчына падпісвае паштоўку палітзняволенаму. Фота: Вітаўт Сіўчык / Belsat.eu

Выбары — 2020

  • Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», з 6 траўня па 16 чэрвеня ў Беларусі 97 чалавек атрымалі 1246 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 105 чалавекі атрымалі штрафы агульным памерам каля Br 90 тыс.
  • Была заведзеная справа «Белгазпрамбанку», у самім банку было змененае кіраўніцтва, праведзеныя ператрусы. У межах крымінальнай справы затрымана 15 чалавек.
  • Блогер Сяргей Ціханоўскі і яшчэ 8 чалавек зараз знаходзяцца ў СІЗА КДБ па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Таксама яму інкрымінуюць перашкоду працы ЦВК.
  • Праваабаронцы раней выпусцілі заяву, у якой патрабавалі спыніць ціск і запалохванне падчас выбарчай кампаніі.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў