Лісты салідарнасці. Навошта пісаць лісты палітзняволеным


Паводле беларускіх праваабаронцаў, зараз у краіне 25 палітзняволеных. Бадай што адзіны спосаб сувязі са светам для іх – лісты і паштоўкі. Як правільна іх пісаць, каб яны дайшлі да адрасата?

Паштоўкі для палітзняволеных.
Фота: Вітаўт Сіўчык / Belsat.eu

Навошта пісаць лісты?

Людзям, якія зараз за кратамі, – вельмі цяжка эмацыйна. На іх ціснуць, ім намагаюцца паказаць, што яны ўжо вінаватыя, хоць суда не было яшчэ. Яны не могуць пагутарыць з блізкімі і знаёмымі. Лісты і паштоўкі – адна з нешматлікіх крыніцаў, з якіх людзі могуць адчуваць падтрыманне іхнай дзейнасці і іх саміх.

Hавiны
«Увесь час нехта прыходзіць, падтрымлівае». Маці і нявеста Фурманава другі дзень галадаюць каля СІЗА
2020.07.27 15:06

Таксама карэспандэнцыя можа быць сродкам інфармацыі: якія пікеты адбыліся, ініцыятывы паўсталі, што здарылася ў родным месцы чалавека. У месцах не свабоды людзі вельмі дазіравана атрымліваюць інфармацыю, у дадатак яна не такая разнастайная, як на волі. Візуальных вобразаў таксама няма – таму варта дадаваць налепкі і малюнкі і свае лісты.

«Калі сядзіш па крымінальным справам, то колькасць лістоў са словамі падтрымання наўпрост уплывае на твае паводзіны на допытах. Таму што адным з галоўных псіхалагічных прыёмаў следчага з’яўляецца перакананне цябе, што ўсім усё роўна», – кажа былы палітзняволены Павел Вінаградаў.

Павел Вінаградаў.
Фота: belsat.eu

Што напісаць?

Каардынатарка Майстэрні паштовак салідарнасці Дар’я Рублеўская кажа, што перадусім варта пісаць тое, што ў вас зараз на душы. Аднак яна не рэкамендуе пісаць лісты ў стылі: «Мне было так складана і сумна, я сядзеў і думаў пра вас, не мог сабрацца з думкамі». Гэта аніяк не падбадзёрвае чалавека.

«Распавядзіце, хто вы, як у вас справы, што вас уразіла ў апошні час. Якія навіны адбыліся ў краіне. Калі гэта знаёмы – то што адбылося ў вас або ў вашых агульных знаёмых. Пашукайце трошкі болей пра чалавека. Калі ён з Горадні, то напішыце пра вашую апошнюю вандроўку туды. Калі чалавек захапляўся музыкаю – распавядзіце, што слухаеце. Паспрабуйце зразумець, чым чалавек займаўся да затрымання і закраніце гэтую тэму», – раіць Дар’я.

Дар’я Рублеўская.
Фота: архіў гераіні

Не трэба шыфраваць інфармацыю – такія лісты забаронена прапускаць. Заклікі да звяржэння канстытуцыйнага ладу таксама не прапусцяць. Таксама не згадвайце пра свае правапарушэнні: кожны ліст і паштоўка пільна чытаецца. Менавіта цэнзары вырашаюць перадаваць вашую карэспандэнцыю або не.

«Аднак калі ёсць загад не прапускаць ліст або паштоўку, то нічога не дапаможа», – падкрэслівае Дар’я Рублеўская.

Напрыклад, дзяўчына Эдуарда Бабарыкі напісала яму каля 20 лістоў. Яму перадалі толькі два.

Беларусы замежжа лістуюць палітвязням ў Беларусь.
Фота: Ксенія Тарасевіч / «Белсат»

Ці даходзяць лісты і паштоўкі?

Дар’я Рублеўская кажа, што да хвалі масавых затрыманняў паштоўкі на Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і ў СІЗА даходзілі даволі добра. Зараз жа аніхто з тых, хто меў содні па адміністратыўных справах, не атрымаў паштовак.

У СІЗА лісты і паштоўкі атрымліваюць. Аднак найбольш медыйным палітзняволеным, напрыклад, Эдуарду і Віктару Бабарыкам, а таксама Сяргею Ціханоўскаму, перадаюць значна меней карэспандэнцыі. У праваабаронцаў ёсць звесткі, што Вяргілій Ушак і Арцём Сакаў атрымліваюць лісты.

«У ЦІПе яны з усіх сілаў імкнуцца зламіць дух людзей, паказаць сваю сілу, што іх аніхто не падтрымлівае. Каб чалавек сядзеў 12 дзён і думаў: «Да ўсім на мяне ўсё роўна». Таксама, каб адрэзаць людзей ад любой крыніцы інфармацыі», – кажа Дар’я Рублеўская.

Hавiны
Ліст для кожнага палітвязня напісалі ў Познані
2020.07.23 23:15

Павел Вінаградаў кажа, што за ўсе шматлікія разы адміністрацыйных арыштаў у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў яму толькі двойчы перадалі лісты ад жонкі.

Пётр Маркелаў, які чатыры разы адбываў адміністрацыйны арышт, кажа, што ў 2017 годзе яму перадалі амаль усе лісты і на выхадзе аддалі пакунак. У апошні раз – траўні 2020 года – перадалі літаральна пару паштовак.

«Прапускаюць нібыта толькі тое, дзе нічога зьмястоўнага акрамя «выходзь», «чакаем», «трымайся», – кажа актывіст.

Як правільна аформіць ліст

Не забывайцеся на маркі на канверце або на паштоўцы. Без іх ліст не пройдзе далей за пошту. Пішыце вельмі дакладным і разборлівым почыркам. А адрас лепш за ўсё пісаць увогуле друкаванымі літарамі.

Паштоўкі для палітзняволеных.
Фота: архіў Майстэрні паштовак салідарнасці

«Перш за ўсё карэспандэнцыя праходзіць камп’ютэрную сарціроўку. Калі камп’ютэр здолее счытаць адрас, то карэспандэнцыя пройдзе хутчэй. Калі камп’ютэр не здолее апрацаваць ваш почырк, то ліст адправіцца на ручную сарціроўку. Якая займае значна болей часу», – тлумачыць Дар’я Рублеўская.

Адваротны адрас пісаць неабавязкова. Аднак Дар’я Рублеўская раіць не пакідаць лісты ананімнымі, каб чалавек мог зразумець, што яго пісаў жывы чалавек.

Калі хочаце атрымаць адказ – пакладзіце ў канверт паперу і маркі або паштоўку. У чалавека за кратамі няма магчымасці выйсці на пошту і купіць гэта.

Як даслаць лісты?

Вы можаце даслаць ліст самастойна. Або скарыстацца паслугамі ініцыятывы Майстэрня паштовак салідарнасці. Яны дапамагаюць беларусам даслаць паштоўкі рознымі спосабамі. Першы – онлайн. Вы запаўняеце форму, а валанцёры і валанцёркі ініцыятывы перапісваюць вашае пажаданне ў ліст і дасылаюць цягам тыдня.

Майстэрня паштовак салідарнасці.
Фота: архіў ініцыятывы

Таксама падпісаць паштоўкі часам можна на розных агітацыйных пікетах, куды прыходзяць людзі з разавымі ініцыятывамі.

Спіс афіцыйна прызнаных беларускай праваабарончай супольнасцю палітзняволеных, апісанне справаў, а таксама адрасы можна знайсці на старонцы «Вясны».

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў