Мінкульт перастаў умешвацца ў адбор фільмаў «Лістападу» – і вось што з гэтага выйшла


Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў – адзін з маладых беларускіх рэжысёраў, які распачаў супрацу з «Беларусьфільмам» пасля поспеху за мяжой. Ягоная кароткаметражка «Адной крыві» стала першым беларускім фільмам на Канскім кінафестывалі. На фота – рэжысёр падчас здымкаў мастацкага фільму пра зону адчужэння пасля Чарнобыльскай катастрофы. Кастрычнік 2019 года. Фота – Natalia Fedosenko / TASS / Forum

У конкурснай частцы «Лістападу» пакажуць стужкі, якія летась Мінкульт зняў з праграмы. Каардынатар нацыянальнага конкурсу фестывалю Мікалай Лаўрэнюк распавёў «Белсату», што з чыноўнікамі ўдалося знайсці агульную мову – і сёлета сітуацыя з фармаваннем праграмы змянілася.

«Не магу сказаць, што чыноўнікі цяпер уплываюць на адбор фільмаў. У першую чаргу, гэта выбар дырэкцыі фестывалю», – кажа Лаўрэнюк.

У нацыянальны конкурс дакументалак вяртаецца стужка «Мая бабуля з Марса» Аляксандра Міхалковіча, у асноўны – фільм Андрэя Куцілы «Стрыптыз і вайна», які паўстаў пры ўдзеле «Белсату».

«Я ўдзячны тым, хто зняў свае фільмы дзеля падтрымання нас, паставіўшы аўтарскія амбіцыі ніжэй за салідарнасць – Кацярыне Махавай і Дзянісу Пуцікаву, якія зрабілі фільм «Перазімаваць» [сёлета вернецца на «Лістапад». – Заўв. «Белсат»], а таксама Святлане Казлоўскай і Кірылу Галіцкаму [знялі з удзелу фільм «Пляж/Лес/Тамбур». – Заўв. «Белсат»]. Гэта мела плён, – кажа Андрэй Куціла. – Да «Лістападу» у мяне прэтэнзіяй не было – гэта не іх віна, яны хацелі ўключыць фільмы ў праграму. Стужкі заблакавала нават не Міністэрства культуры, а адна-дзве асобы, якія спужаліся невядома чаго – палітыку фільм не закранае. Аднак дайшло да такога маразму, што людзі перастрахаваліся. Добра, што фільмы вярнулі сёлета. Гэта азначае, што можна рабіць высновы і рухацца далей, што наверсе ёсць тыя, хто цвяроза глядзіць на сітуацыю і можа пазбавіцца клішэ і страхаў».

Арганізатары «Лістападу» называюць справядлівым і слушным вяртанне стужак у конкурс фестывалю.

«Андрэй Куціла – адзін з нашых вядомых і вельмі моцных дакументалістаў, які зняў добрую і якасную стужку. Нам важна яе паказаць», – кажа Мікалай Лаўрэнюк.

Трошкі страшна, трошкі весела

Білеты на «Стрыптыз і вайну» распрадалі задоўга да пачатку фестывалю. Падобная сітуацыя і з іншым фільмам Куцілы, «Summa», паказ якога аб’ядналі са стужкай Максіма Шведа «Чыстае мастацтва» у сувязі з графікам кінатэатраў.

На здымачнай пляцоўцы фільму Максіма Шведа «Чыстае мастацтва». Фота – Максім Швед

«Фільмы па 50 хвілінаў, і так атрымалася, што мы не маглі іх развесці, бо ёсць правілы аб паўзе паміж сеансамі, а фільмаў шмат, яны вялікія, таму вырашылі аб’яднаць», – тлумачыць Мікалай Лаўрэнюк.

«Чыстае мастацтва» – своеасаблівы дыялог мастака Захара Кудзіна з працаўнікамі ЖЭСаў, якія замалёўваюць графіці і надпісы на дамах, ствараючы ў Менску галерэю працаў у стылі Казіміра Малевіча.

Hавiны
Аўтар фільму пра мастацтва беларускіх ЖЭСаў стаў найлепшым рэжысёрам фестывалю «Артдокфэст»
2019.10.27 16:34

«Я люблю глядацкае кіно – не занадта канцэптуальнае, з нейкай драматургіяй. Гэта ўсё ёсць у фільме, ён будзе цікавы шырокаму колу. Самае галоўнае, што там ёсць атмасфера краіны. Калі беларусы глядзяць фільм за мяжой, то кажуць, што гэта Беларусь, якую яны памятаюць. Ім трошкі страшна і трошкі весела», – кажа Максім Швед.

Аўтар упэўнены, што білеты на падвойны сеанс раскупілі праз фільм «Summa», прызнаны найлепшай сярэднеметражнай стужкай на Фестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме (IDFA), адным з найважнейшых у свеце.

Андрэй Куціла з узнагародаю IDFA за найлепшы сярэднеметражны дакументальны фільм 2018 года

«У папярэднія гады залы ў кінатэатры «Мір», адведзеныя пад дакументальнае кіно, не запаўняліся. Не запаўняліся таксама залы нацыянальнага конкурсу – як гульнявога, гэтак і дакументальнага. Цяпер нейкая хваля – я сам здзіўлены», – кажа Андрэй Куціла.

Арганізатары «Лістапада» звязваюць інтарэс гледачоў са з’яўленнем мноства новых імёнаў у беларускай дакументалістыцы.

«Пяць-дзесяць гадоў таму Беларусь ня была так моцна прадстаўленая на міжнародных фестывалях, а цяпер нікога не здзівіш якаснымі беларускімі дакументальнымі фільмамі, якія могуць спаборнічаць на роўных з фільмамі з іншых краінаў свету, – кажа Мікалай Лаўрэнюк. – Можна казаць пра беларускую школу дакументальнага кіно: у гэтых фільмах ёсць беларуская ментальнасць – мяккасць, чалавечыя адносіны да герояў».

На думку Андрэя Куцілы, у Беларусі стварыліся ўмовы, калі ёсць абсталяванне і людзі, гатовыя часам працаваць бясплатна – і ўжо не могуць не здымаць. Праз адсутнасць грошай у Беларусі яны шукаюць – і знаходзяць – альтэрнатыўныя фінансаванне за мяжой. Гэта і правакуе хвалю незалежнага кіно ў Беларусі, кажа ён.

«Гэта заўважаюць на «Беларусьфільме», куды цяпер пайшоў працаваць шэраг маладых аўтараў – Алесь Лапо, Максім Швед, Зміцер Дзядок, Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, Дар’я Юркевіч. Канешне, там не ўсё проста і дзеюць схемы, якія не дазваляюць маладым аўтарам працаваць камфортна, але пэўны рух ідзе. Упэўнены, што маладым трэба там працаваць і браць на гэта грошы падаткаплатнікаў, у тым ліку і мае», – дадае Андрэй Куціла.

Паводле Мікалая Лаўрэнюка, кінаіндустрыя ў Беларусі яшчэ не сфармавалася.

«Гледзячы на стужкі нашых аўтараў, якія дасылаюць на «Лістапад», – якасць расце, але з пункту гледжання індустрыі вялікіх зменаў пакуль мы не бачым. Кожны сам шукае магчымасці зняць – і часцей за ўсё гэта ўдаецца з дапамогай іншых краінаў. Гэта нармальна, што краіны аб’ядноўваюцца – увесь свет працуе паводле такіх прынцыпаў, – але хацелася б, каб развівалася нашая індустрыя. А без дапамогі дзяржавы гэта цяжка», – дадае ён.

Летась Мінкульт адхіліў дырэкцыю «Лістапада» ад адбору фільмаў, прызначыўшы для гэтага адмысловую камісію пад кіраўніцтвам першай намесніцы міністра культуры Беларусі Ірыны Дрыгі.

Ірына Дрыга – былая намесніца міністра культуры. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Апроч фільмаў Куцілы і Міхалковіча, камісія не дапусціла на фестываль стужкі Андрэя Кудзіненкі ды Мікіты Лаўрэцкага і Юлі Шатун.

Ірына Дрыга працягвае працу ў Міністэрстве на пасадзе начальніцы Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва.

26-ы Менскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» працягнецца да 8 лістапада. У межах нацыянальнага конкурсу можна будзе пабачыць пяць мастацкіх, дзевяць дакументальных і шэсць анімацыйных фільмаў.

Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў