Ліст з Пінску: «Мяне скралі і збілі невядомыя»


Аляксандр далучыў да ліста фота.

Мы атрымалі ліст ад жыхара Пінску, які сцвярджае, што 11 сакавіка невядомыя скралі яго, адвезлі за горад і збілі.

Прыводзім змест з невялікімі скаротамі.

«Мяне завуць Аляксандр, я жыву Пінску. 11 сакавіка прыкладна каля 20:00–20:30 я выйшаў са свайго дому на вуліцы Паркавай і накіраваўся ў бок крамы «Алмі». Я прайшоў 50 метраў, калі ззаду мяне ўдарылі чымсьці па галаве, я стаў страчваць прытомнасць. Двое мужчын зацягнулі мяне ў машыну і кінулі на задняе сядзенне. Калі я стаў прыходзіць у сябе, зразумеў што побач са мной сядзіць незнаёмец, яшчэ двое – спераду. Я дастаў тэлефон і набраў маці. Калі той, хто сядзеў побач, убачыў, што я пачынаю тэлефанаваць, ён забраў у мяне тэлефон. Мне зноў стала кепска.

Ачомаўся я ўжо за горадам, калі машына пачала спыняцца.

Мяне выцягнулі на вуліцу, я паспрабаваў уцячы, але мяне ж адразу схапілі, парвалі куртку. Я ўпаў на зямлю, потым адзін з іх ударыў мяне па твары нагой. Пасля гэтага ён нешта сказаў з нагоды мітынгу напярэдадні, я дакладна не памятаю. Пасля яны селі ў машыну, ад’ехалі пару метраў, і выкінулі мой тэлефон у акно. Нумар я не заўважыў, памятаю толькі што машына была светлага колеру.

Пакрысе я пачаў усведамляць, што знаходжуся на трасе, побач з пасёлкам Аснежыцы. Пасля я адшукаў і сабраў тэлефон, і пайшоў у бок Пінску. Я патэлефанаваў бацьку і ён забраў мяне дахаты.

У пракуратуру я не звяртаўся.

Падазраю, што гэта былі пераапранутыя супрацоўнікі міліцыі. Па-першае, напярэдадні перад наведваннем мітынгу мяне неаднаразова спыняў і абшукваў патруль каля плошчы, яны ўзялі мае звесткі. Па-другое, я вельмі сумняваюся, што яны дапамаглі б разабрацца ў гэтай сітуацыі».

Стужка навінаў