Ліквідатар-вандроўнік: Перад падарожжам адчуванне, што ўцякаю з дурдому


Пасля Чарнобыльскай аварыі ў Беларусі з’явіліся «ліквідатары» – людзі якія мінімізавалі наступствы аварыі на ЧАЭС. Адзін з тых герояў – Іван Віткоўскі – ліквідатар з Нароўлі, вынайшаў уласны спосаб, як змагацца з «балячкамі». Гэта – неверагодныя падарожжы.

Іван нарадзіўся ў в. Грушаўка (Нараўлянскі р-н), атрымаў спецыяльнасць электрыка, пасля службы ў войску ўладкаваўся на Чарнобыльскую АЭС на 4 энергаблок. Пасля аварыі яшчэ 4 месяцы працаваў на ліквідацыі яе наступстваў, да тых часоў пакуль не адчуў, што падарваў здароўе. У маладога мужчыны пачалі выпадаць зубы, валасы, сталі крохкімі косткі. Ён губляў прытомнасць, хуткая стамляўся, згубіў вагу. Дыягназ – арганічнае паражэнне галаўнога мозгу радыяцыйнага генезу, потым працяглае лекаванне.

Іван Віткоўскі на Мадагаскары

4 гады таму ён захапіўся падарожжамі: у складзе невялічкіх групаў пабываў на Мадагаскары, Сейшэльскіх выспах, у Танзаніі, Зімбабве, Замбіі, Намібіі, Манголіі, на Байкале, наведаў Камчатку. Пра самыя хвалюючыя вандроўкі ён распавёў Belsat.eu.

Туды, дзе людзі жывуць вольна

У пустэльні Наміб

Так бывае дапякае ў нашым беларускім дурдоме, што я ў Мазыры саджуся ў цягнік ці аўтобус да Масквы, азіраюся па баках, думаю, хутчэй бы ён паехаў, бо адчуванне, што я ўцякаю з дурдому і зарэ па мяне прыбягуць санітары. Так хочацца з’ехаць, пабачыць, як іншыя людзі жывуць.

Наагул, там дзе я быў, апроч Расеі, людзі жывуць вольна, па рознаму: і багата, і бедна. Але пасміхаюцца, прыязныя, вольныя. Дарэчы, у мяне са здароўем лепш становіцца, клянуся, балячкі праходзяць, нават валасы пачынаюць расці.

Падмацуюся-падмацуюся трохі ў падарожжах ды зноўку дадому прыязджаю. У мяне падчас вандроўкі – прыліў энергіі. Я заўжды, у любым паходзе бягу паперадзе, пакуль група даклыпае куды-небудзь, я ўжо паспяваю забегчы па дарозе яшчэ на пару гораў, ці нешта іншае наведаць.

Падарожжа Івана Віткоўскага на Камчатку

Найбольш хвалюючае ў вандроўках – экстрым. Я паўсюль, напрыклад, купаюся – у любой вадзе. На Камчатцы нікому ў галаву не прыйшло пакупацца, а я даў нырца ў раку Камчатка, у акіян. У Манголіі, у самым вялікім проста сцюдзёным вадаспадзе, я таксама купаўся. Гэта экстрым, я яго вельмі люблю. На Байкале палятаў на самалёце, скокнуў з трэцяй у свеце па вышыні тарзанкі ў кан’ён вадаспада «Вікторыя» у Зімбабве. Там жа, сам нават кіраваў верталётам, быў другім пілотам. Такія былі яркія ўражанні ад палёту, такія моцныя адчуванні, што, мабыць, лепш мне ўжо ніколі не будзе ў жыцці. Я, дарэчы ў падарожжах, паўсюль басанож хаджу. У пустэльні Наміб праз гэта ледзьве ногі сабе не папаліў.

Падарожжы – ад небяспекаў да кур’ёзаў

Я звяртаю ўвагу літаральна на ўсё: прыроду, клімат, архітэктуру, лад жыцця, мене вельмі цікавяць жывёлы і расліны. Частка тых заморскіх раслінаў «жыве» ужо ў мяне ўдома. Вандроўкі для мяне – падсілкоўванне энергіяй, здароўем, самазацвярджэнне, цікавыя дачыненні з людзьмі. Падарожжа для мяне – гэта не толькі ад адлёту да прылёту. Яшчэ да падарожжа я пачынаю ім жыць, цікава якая збярэцца каманда, як складуцца адносіны ўнутры яе, бо кожны са сваім характарам, каштоўнасцямі, бачаннем жыцця. Мне вельмі шанцуе на людзей з якімі я вандрую. Пасля прыезду я яшчэ доўгі час жыву ўспамінамі, праглядаю фота і відэа, мару пра новыя сустрэчы і падарожжы.

Фота на Мадагаскары

Але здараюцца і небяспечныя моманты. Аднойчы вельмі моцна атруціўся. Я паўсюль люблю каштаваць усялякія дары прыроды. Неяк, у Танзаніі ўбачыў я дрэва з арэхамі, нарваў тых арэхаў, з’еў некалькі, падумаў якія дурныя мясцовыя жыхары не ядуць такую смакату. Недзе праз паўгадзіны ў мяне адмовілі рукі, потым ногі, сам быў як дурны, цела ватнае, страшныя ваніты і дыярэя. Гэтак пакутаваў, думаў, Богу душу аддам. Мясцовыя потым сказалі, што гэтая дрэва лічыцца вядзьмарскім, ніхто тыя арэхі не есць. Гэтыя арэхі ў мяне цяпер у хаце стаяць у слоіку, падпісаныя «Вельмі моцнае слабіцельнае».

А бываюць і смешныя здарэнні. Я вельмі люблю размаўляць з людзьмі і мне хочацца ў іх багата чаго запытаць, але англійскай мовы я не ведаю, у школе вывучаў нямецкі. Аднойчы, на Мадагаскары ўбачыў я велічэзныя баабабы. Тамака не было аніводнага маленькая дрэўца. Я вырашыў запытацца, а дзе ж маленькія баабабы. Як я толькі не спрабаваў спытаць, казаў дзе кляйн баабаб, кіндэр баабаб, паказваў жэстамі, так яны мяне і не зразумелі. Адна турыстка прыйшла мне на дапамогу, спытала дзе бэйбі таго вялікага дрэва. Тады толькі зразумелі пра што гаворка. Ці, напрыклад, мне вельмі цікава адкуль людзі. Дык я ім кажу, што я мэйд ін Беларусь, а дзе яны зроблены. Смяюцца, але разумеюць пра што пытаюся.

Аднойчы, захацеў я на рыкшы пакатацца ў Намібіі, але той рыкша ледзьве клыпаў, так марудна ішоў, дык я саскочыў на зямлю, стаў замест яго ў тыя аглоблі і пабег па плошчы, пакатаў сам таго небараку, чым вельмі ўразіў мясцовых жыхароў.

На Мадагаскары нанялі мы катары, каталіся па праліву. Тут раптам заглух рухавік, мясцовыя разгубіліся, не ведаюць што рабіць, саскочыў у ваду, я пачаў разбірацца, бачу крышка карбюратара адкруцілася, закруціў, рухавік завёўся. Ці ў Намібіі, падвозіла нас адная сям’я на джыпе, рухавік увесь час глух, заводзілася толькі з таўкача, я зноў такі закасаў рукавы, давай корпацца. Апынулася, клема злятала з акумулятара, я яе зачысціў, падціснуў, яна перастала злятаць. Усе былі шчаслівы, машына больш не глухла. Вельмі люблю, калі людзі радуюцца, у ляпёшку гатовы разбіцца, каб усё былі шчаслівыя.

Ларыса Кавальчук, belsat.eu
Фота з асабістага архіву Івана Віткоўскага

Стужка навінаў