Ліквідатар аварыі на ЧАЭС: «Смерць прайшла каля мяне»


Левон Гришук

Мастак і ліквідатар аварыі на ЧАЭС Лявон Грышук у інтэрв’ю belsat.eu распавядае, чаму ён адзіны сярод сваіх сяброў застаўся жывы, і як дактары гэтаму здзіўляліся.

«Душа мая адчула смерць»

«Гэта сядзіба Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы, – паказвае Лявон Грышук свае працы, – каплічка, яе будуць рэстаўраваць. Чакаю цёплага надвор’я, тады буду маляваць саму сядзібу».

Невялічкая майстэрня ў сталінцы на праспекце Незалежнасці запоўненая старажытнымі прыладамі: гліняныя жбаны, прасы, калаўрот. Мастак шмат вандруе па Беларусі і збірае ў вяскоўцаў цікавыя прадметы інтэр’еру. На ўласна чарнобыльскую тэму працаў у мастака няшмат: ён не хоча варушыць былога.

«Нікога з маіх сяброў няма ў жывых, і гэтыя ўспаміны мне цяжкія», – кажа Лявон.

Лявон скончыў мастацкую вучэльню і ўладкаваўся на працу мастаком у аўтакалону. Там жа атрымаў правы кіроўцы, пасля чаго яго паставілі на ўлік у ваенкамат. Праз год адбылася чарнобыльская катастрофа.

«Я ім кажу: я ж мастак. А ім было ўсё роўна», – згадвае спадар Грышук.

За тры месяцы, што Лявон правёў у чарнобыльскай зоне, ён паспеў зрабіць некалькі эцюдаў. Але з-за небяспекі радыяцыйнага заражэння ўсё давялося выкінуць. «Шкада – калі б цяпер, я б зняў на тэлефон, а тады…» – кажа мастак. Лявон уваходзіў у хімбатальён і ў 1986-м падымаўся на дах рэактара. Ліквідатар узгадвае, як узяў рукамі кавалак графіту і панёс выкідаць унутр.

«Я туды зазірнуў, а там чарната без дна: нейкая арматура тырчыць, і хаця была спякота 30 градусаў, але адтуль такім холадам пацягнула. Мяне ажно скаланула, і я зразумеў: гэта душа мая адчула смерць, яна прайшла каля мяне».

«Паглядзі: а гэты ўсё яшчэ жывы»

Штогод чарнобыльскія ліквідатары праходзяць медычную камісію, і шторазу Лявон заўважаў, што саслужыўцаў усё менела і менела. Хтосьці прыходзіў з кійком, другі на мыліцах, у каго бальная спіна, у каго ныркі. Раней усе беларускія ліквідатары лекаваліся ў клінічным шпіталі «Аксакаўшчына», і цяпер Лявон часам прыязджае ў гэтую вёску, каб прайсціся і ўзгадаць сяброў.

Сам Лявон Грышук хворы на дыхавіцу, мае праблемы з суставамі, сэрцам. Усяго праз некалькі гадоў па вяртанні з зоны на руках у мужчыны пачалі з’яўляцца пухліны: «Я запытваю ў доктара: «Ад чаго гэта? Я ж не маю ніякай нагрузкі, я мастак». Ён кажа: «Ты там быў, рукамі браў? І што тады ты пытаешся?»

Ліквідатар узгадвае, як дактары ў Аксакаўшчыне хацелі даведацца пра дозу апраменьвання, бо ад гэтага залежаў курс лекавання. На адпаведны запыт Міністэрства абароны даслала адказ, што такія звесткі сакрэтныя. Тады ў мужчынаў зразалі пазногці, каб даслаць у Японію на даследаванне і вызначыць дозу. Але пра вынікі самім ліквідатарам гэтак нічога і не паведамілі.

«Пяць гадоў таму зайшоў у паліклініку, там старая доктарка паглядзела на мяне здалёк і кажа медсястры: «Паглядзі, а гэты ўсё яшчэ жывы».

Тры долары на аздараўленне: як жыве ліквідатар аварыі на ЧАЭС ва Украіне

«Я застаўся жыць з Божай ласкі»

Апошнія працы спадара Грышука жыццярадасныя, з яскравымі колерамі, гэта пераважна краявіды старажытных беларускіх мясцінаў. Але сярод карцінаў істотна вылучаецца змрочная праца, што вісіць ля ўваходу ў майстэрню.

«Гэта я намаляваў у 1990-я, я ішоў на дно, вакол рыбы зубатыя, і тут я працягнуў руку да Бога», – распавядае мастак, які наведвае вядомую пратэстанцкую царкву Яна Прадвесніка, што ладзіць набажэнствы па-беларуску.

Да веры Лявон прыйшоў праз пакуты хваробаў і калідоры шпіталяў. Падчас чарговага лекавання нечакана для яго самога ў галаву прыйшла думка, што мо Бог дапаможа. На наступны дзень у шпіталь прыйшлі маладзёны і пачалі раздаваць Евангелле. А яшчэ праз некаторы час у палату да Лявона паклалі верніка-міліцыянта, які і завёў мастака ў царкву. З таго часу Лявон перакананы: ён застаўся жыць з Божай ласкі.

«Аднойчы я сасніў Прыпяць, цалкам пусты горад. У Бібліі напісана, што Бог забярэ ўсіх да сябе, а на Зямлі пакіне толькі грэшнікаў. І бачу, як я іду, а людзей навокал няма. Я з жахам думаю: няўжо Бог забраў усіх – выходзіць, я грэшнік?!»

«На 30 гадоў Чарнобылю ніхто нават не згадаў пра нас»

Скардзіцца на дзяржаву Лявон не хоча і пра сацыяльныя прэферэнцыі ліквідатарам размаўляе неахвотна. Раней тым, хто ў 1986-м ліквідаваў наступствы на ЧАЭС, давалі бясплатныя пуцёўкі на аздараўленне ў санаторыі, былі бясплатныя лекі (бясплатныя лекі засталіся для людзей з І і ІІ групамі інваліднасці). А некалькі гадоў таму ліквідатарам замянілі пасведчанні.

«Мы ўжо нават і не ліквідатары, а проста «пацярпелыя ад катастрофы на ЧАЭС». А што такое пацярпелы? Вунь я грыб зʼеў з радыяцыяй – і ўжо пацярпелы. А калі было 30 гадоў аварыі, то чарнобыльцы з Расеі прыехалі да нас, прывезлі медалі, аформленыя там, і ўручалі нам. А тут пра нас нават не згадалі».

Наста Кахановіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары