Лідзія Ярмошына назвала платформу «Голас» «злачынным праектам»


Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына лічыць, што інтэрнэт-платформа «Голас» накіраваная на арганізацыю масавых беспарадкаў. Пра гэта яна заявіла ў сваім відэазвароце, апублікаваным на сайце ЦВК.

Інтэрнэт-платформу «Голас» Ярмошына назвала «палітычнай афёрай», а таксама «шкодным, злачынным праектам». Паводле яе, дэ-факта гэта спроба стварыць ценявы ЦВК.

«Як нас запэўніваюць, гэта кантроль за волевыяўленнем. Ды не, дарагія мае, гэта не кантроль. Гэта стварэнне скажонага выніку выбараў для таго, каб дэвальваваць афіцыйны вынік галасавання і на гэтай падставе арганізаваць масавыя беспарадкі. Вось для чаго гэта робіцца», – заявіла кіраўніца ЦВК.

На думку Ярмошынай, любая рэклама гэтага праекту «супрацьзаконная».

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Учора, 6 жніўня, Аляксандр Лукашэнка даручыў праваахоўным органам даць ацэнку законнасці альтэрнатыўнага падліку галасоў. «Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генеральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасці падобных ініцыятыў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», – сказаў ён.

Аб’яднаны штаб на чале са Святланай Ціханоўскай прапануе выкарыстоўваць платформу «Голас» для абароны галасоў беларусаў на выбарах 9 жніўня 2020 года. Кожны ахвочы можа далучыцца да пляцоўкі праз чат-бот у Telegram або Viber. Беларусам прапануецца дасылаць фота свайго бюлетэня на выбарах. Затым усе бюлетэні плануецца апрацаваць і такім чынам правесці альтэрнатыўны падлік галасоў.

«У дзень галасавання зрабіце фота бюлетэня з выбарам і адпраўце ў чат з ботам (гэта можна зрабіць і пасля 9 жніўня). Сістэма падлічыць вынікі па кожным участку. Яны будуць апублікаваны пасля афіцыйных вынікаў выбараў», – адзначаецца на сайце платформы.

На раніцу 7 жніўня на платформе «Голас» зарэгістраваліся ўжо больш за 902 тысячы выбарцаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў