Лідары Еўразвязу ўхвалілі дамову пра Brexit


Лідары 27 краінаў Еўразвязу ўхвалілі праект пагаднення аб умовах брэкзіту. У сваіх каментарах перад адмысловым самітам у Бруселі еўрапейскія палітыкі казалі, што гэта найлепшае з магчымых пагадненняў і што альтэрнатывы яму няма.

Урад Вялікай Брытаніі жорстка крытыкуюць за гэтую дамову – прычым як праціўнікі брэкзіту, гэтак і прыхільнікі. Каб пагадненне набыла моц, яно мусіць быць ухвалена брытанскім парламентам. Між тым, у парламенце Вялікай Брытаніі супраць праекту выступаюць не толькі апазіцыйныя партыі, але і частка кіроўнай Кансерватыўнай партыі.

У нядзелю прэм’ер-міністр Тэрэза Мэй выступіла з адкрытым лістом да нацыі з просьбай падтрымаць пагадненне па «брэкзіту», якое, паводле яе, адпавядае нацыянальным інтарэсам і адкрые новую старонку ў жыцці краіны.

Адначасова былы міністр замежных справаў і актыўны крытык прапанаванай здзелкі з ЕЗ Барыс Джонсан заявіў, што ў выпадку заключэння дамовы Брытанія ператворыцца ў дзяржаву-сатэліта. Па словах Джонсана, Лондан зробіць вялікую памылку, калі пойдзе на яе.

У пагадненні аб умовах брэкзіту гаворыцца, што на ўсёй тэрыторыі Злучанага Каралеўства мусяць дзейнічаць мытныя правілы ЕЗ, а ў Паўночнай Ірландыі – і іншыя еўрапейскія нормы. Акрамя таго, дакумент абавязвае Лондан заплаціць Бруселю 39 млрд фунтаў у кошт раней прынятых абавязкаў перад еўрапейскім бюджэтам.

Крытыкі праекту кажуць, што гэтая дамова а сутнасці аддзяляе Паўночную Ірландыю ад астатняй тэрыторыі краіны, пазбаўляе Лондан магчымасці дамагацца ўласных гандлёвых пагадненняў з трэцімі краінамі і змушае яго выконваць амаль усе рашэнні еўрапейскіх кіроўных органаў, не маючы ніякага ўплыву на іх прыняцце.

ІІ, belsat.eu, паводле BBC

Глядзі таксама
Каментары