Лідары Еўразвязу не дамовіліся наконт ратавальнага плану для эканомікі пасля пандэміі


Паводле звестак Reuters, асноўная прычына зацягнутых перамоваў – жаданне некаторых краінаў ашчадзіць грошы.

Лідары краінаў Еўразвязу ізноў не здолелі дамовіцца наконт ратавальнага плану, які б дапамог аднавіцца эканомікам, пацярпелым праз пандэмію COVID-19.

Пасля сканчэння другога дня саміту, які праходзіць у Бруселі, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон засталіся ў штаб-кватэры Еўразвязу, каб змагацца з лагерам ашчадных краінаў на чале з Нідэрландамі. Тыя патрабуюць скарачэнняў пакета дапамогі памерам € 1,8 трлн.

«Перамовы былі гарачымі. Еўропа цяпер шантажуецца «ашчаднымі« краінамі», – заявіў прэм’ер-міністр Італіі Джузэпэ Контэ, адной з найбольш пацярпелых праз каронавірус краінаў.

Эканомія грошай

У пятніцу кіраўнікі краінаў спрачаліся наконт аднаўляльнага фонду памерам у € 750 млрд. Агульны бюджэт мусіў скласці € 1 трлн. Аднак гэтыя прапановы былі заблакаваныя групаю багатых дзяржаў: Нідэрландамі, Аўстрыяй, Швецыяй і Даніяй.

Яны прапаноўваюць выдаваць крэдыты, а не гранты для краінаў, найбольш пацярпелых праз пандэмію, якія збольшага знаходзяцца вакол Міжземнага мора. Таксама паводле іх варта ўзмацніць кантроль над выдаткамі гэтых сродкаў.

Старшыня саміту Шарль Мішэль прапанаваў новы план: паводле яго, доля грантаў у ратавальным фондзе мусіць быць зменшаная з € 500 млрд да € 450 млрд. Таксама план прадугледжваў «экстранны тормаз» пры выплатах. Аднак і гэткая версія падтрымання эканомік не была ўхвалена.

Абмеркаванні дапамогі працягнуцца і ў нядзелю 19 ліпеня. Старшыня саміту Шарль Мішэль мусіць запрапанаваць новы план да абеду нядзелі.

Краіны Еўразвязу сярод найбольш пацярпелых ад каронавірусу ў свеце. Увесну 2020 году на працягу некалькіх тыдняў па ўсёй Еўропе быў уведзены жорсткі каранцін.

Аналітыкі кажуць, што цяпер Еўропа перажывае найбольш моцны эканамічны шок з часоў Другой сусветнай вайны.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў