«Ад патрабаванняў адстаўкі Лукашэнкі не адмаўляюцца». Як бастуюць на «Горадня Азоце» і МАЗе?


Улады працягваюць змагацца з забастоўкамі і пагражаюць працаўнікам адпаведнымі захадамі. На думку чыноўнікаў, працаўнікі парушаюць працоўнае заканадаўства. Суразмоўцы «Белсату» распавядаюць пра настоі і далейшыя планы працоўных «Горадні Азота» і МАЗа.

Забастоўкі на прадпрыемствах вымусілі ўлады краіны жорстка рэагаваць на пратэсты працаўнікоў. Сілавікі затрымліваюць актывістаў, перашкаджаюць сустракацца і пагражаюць звальненнямі. Гэтак Мінэнерга даслала ў свае арганізацыі даручэнні з патрабаваннем кіраўніцтву, каб яно праінфармавала сваіх працаўнікоў пра недапушчэнне парушэнне працоўнай дысцыпліны.

У сваю чаргу актывісты прафсаюзнага руху і прадстаўнікі стачкамаў адзначаюць, што цягам тыдня забастоўкі не прывялі да таго, што патрабаванні працаўнікоў выконваюцца.

Працоўнікі ААТ «Гародня Азот» страйкуюць на прадпрыемстве. Гародня, Беларусь. 19 жніўня, 2020 г.
Фота: Василь Молчанов / Belsat.eu

«Народ мае рашучыя намеры, але ўсе разумеюць, што забастоўкі зацягнуліся. Людзі разлічвалі, што даволі хутка ўдасца скінуць гэтага чалавека. Але відавочна, што дзеля гэтага прыйдзецца выдаткаваць нашмат болей высілкаў, чым меркавалася раней. Людзі проста перагрупоўваюцца, думаюць, якімі захадамі можна паўплываць на сітуацыю і змяніць яе на сваю карысць.

На гарадзенскім «Азоце» большасць пагаласавалі за тое, каб сысці на забастоўку і нават гатовыя застацца без заробкаў. Але мы бачым, што сітуацыя не асабліва мяняецца, да таго ж самых актыўных пачынаюць звальняць, ціснуць, арыштоўваць. Таму трэба іншыя захады, можа больш законныя спосабы барацьбы. Завод не спыняўся, былі стачкі, але цалкам забастоўкі не было. Прыйшлі да высновы, што неабходныя іншыя захады, бо ён вельмі моцна акапаўся. А вытворчасць небяспечная і не хочацца ствараць небяспечную сітуацыю для людзей», – распавёў «Белсату» Андрэй Ханевіч, кіраўнік незалежных прафсаюзаў з Горадні.

На ААТ «МАЗ» звольнілі за забастоўку па артыкуле 9 чалавек. Працоўныя спрабуюць стварыць стачкам

Пакуль ідзе праца над стачкамам, «мазаўцы» зладзілі італьянскую забастоўку. Шмат хто сыходзіць у адпачынак за свой кошт ці звальняецца па ўласным жаданні.

Сябра стачкаму ААТ «МАЗ», які цяпер ствараецца, Яўген Бахвалаў распавёў belsat.eu, што на гэтым тыдні паводле артыкула звольнілі дзевяцярых працоўных, якія хацелі распачаць забастоўку і спыніць працу цэха.

Работнікі МЗКЦ, МАЗ, маторнага завода і інш прыйшлі да будынку БТ. 17 жніўня.
Фота: Света Фар / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Цяпер калектыў думае, як дапамагчы звольненым, а адначосава працуе над стварэннем забастовачанага камітэту.

«Пакуль усё вельмі няпроста, бо нам спрабуюць перашкаджаць, – кажа Яўген Бахвалаў. – Але «МАЗ» не здаецца, мы салідарныя з іншымі прадпрыемствамі, на сувязі з усімі калектывамі, падтрымліваем адзін аднаго».

Паводле Яўгена, шмат працоўных пачалі звальняцца па ўласным жаданні, іншыя бяруць адпачынкі за свой кошт, адмаўляюцца працаваць у паўтары змены па 12 гадзін, выходзяць толькі на сваю змену.

Агульны страйк работнікаў менскіх заводаў. МАЗ, МЗКЦ і інш. 17 жніўня, 2020 г. Мінск, Беларусь.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Акрамя, тыя, хто застаецца працаваць, абвесцілі так званую «італьянскую забастоўку».

«План на заводзе ўжо ўпаў, – кажа Яўген. – Звычайна мы збіраем 30-35 машын за содні, а цяпер – 20. Кіраўніцтва тут нічога не можа зрабіць. Людзі адказваюць начальнікам, што працуюць паводле нормаў тэхналагічнага працэсу, выконваюць яго дэтальна, а калі цалкам прытрымлівацца тэхпрацэсу, то гэта патрабуе больш часу, чым звычайна. Мы працуем у рамках тэхнікі бяспекі, а гэта яшчэ больш часу займае».

Людзі прыехалі на МЗКЦ падтрымаць рабочых. Менск, Беларусь. 20 жніўня, 2020 г. Фото: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Сябра будучага стачкаму кажа, што ў яго няма дадзеных, ці ўвесь МАЗ падтрымлівае забастоўку.

«Такое апытанне мог бы зрабіць прафсаюз, калі б ён быў у нас нармальны, незалежны, – заўважае Яўген Бахвалаў. – Але, ведаючы настроі людзей, я думаю, што шмат хто будзе за забастоўку, палова – дык дакладна. Нават сярод ІТР, начальнікаў шмат хто падтрымлівае гэтую ідэю».

Паволе нашага суразмоўцы, цягам апошніх дзён група працоўных без выходных, толькі з кароткім перапынкам на сон працуе над стварэннем стачкама паводле закону. «Мазаўцы» бачаць, як затрымліваюць сябраў іншых стачкамаў, знаходзяць, што ім прадявіць, таму імкнуцца зрабіць усё цалкам у рамках закона.

  • 13 жніўня ў Беларусі пачаліся беспрэцэдэнтныя для краіны маштабныя страйкі працоўных. Адным з першых стаў сімвал беларускай прамысловасці, БелАЗ, пазней да забастоўкі далучыліся «Горадня Азот», «Белмедпрэпараты» і «Белкард». 14 жніўня на «Горадня Азоце» працягнулася забастоўка, фактычна выйшлі ўсе працаўнікі. Таксама старйкаваў Менскі трактарны завод, наваполацкі «Нафтан» і Беларускі металургічны завод у Жлобіне, бабруйская «Белшына». Асноўнае патрабаванне рабочых – адстаўка дзейнага кіраўніка краіны і прызнанне новым прэзідэнтам Святланы Ціханоўскай.

НА, СК belsat.eu

Hавiны
«Наш фарпост – гэта першы руднік». Стачкам «Беларуськалію» думае над «іншай стратэгіяй»
2020.08.21 15:36
Стужка навінаў