Лідар ДНР у жывым эфіры на расейскім ТБ: свіст кулі, перапалох і сагнуты ахоўнік


У наўпроставым эфіры расейскага тэлебачання лідар ДНР Аляксандр Захарчанка заклікаў украінскіх жаўнераў здавацца. У той самы момант прагучаў выстрал. Ахоўнікі прыгнуліся, а аднаго з іх пасля пад рукі адвялі ўбок.

Кіраўнік ДНР вырашыў паказацца перад расейскаю публікай на перадавой. Дзеля гэтага было арганізавана ягонае інтэрвю ў непасрэднай блізкасці ад лініі агню, паведамляе сайт patrioty.org.ua.

Пакуль Аляксандр Захарчанка распавядаў пра вялікія поспехі прарасейскіх тэрарыстаў і безнадзейнае становішча ўкраінскага войска ў Вуглягорску і Дэбальцаве, спіну сепаратысцкага лідара прыкрывалі некалькі целаахоўнікаў.

Падчас інтэрвю раздаўся стрэл, ахоўнікі прыгнуліся ды прыселі. Прагучала слова “снайпер”, а пасля ўбок адвялі пад рукі аднаго з тых, хто прыкрываў Захарчанку. У сваю чаргу карыстальнікі сеціва з Украіны выказалі версію, што сітуацыя магла быць запланаванай, каб паказаць «гераічнасць баевікоў» расейскаму грамадству. Інтэрнаўты падкрэслілі, што целаахоўнікі дзеля бяспекі пасля стрэлу мусілі б пакласці Захарчанку на зямлю.

МЯ, паводле patrioty.org.ua

Стужка навінаў