Лідар «ДНР» адказаў на прапанову Лукашэнкі ўвесці на Данбас беларускіх міратворцаў


Лідар групоўкі Дзяніс Пушылін заявіў, што «ДНР» не мае патрэбы ў міратворчых сілах з Беларусі.

«Данецкая Народная Рэспубліка» не мае патрэбы ў міратворчых сілах з Беларусі для забеспячэння парадку на сваёй тэрыторыі і на сваіх межах. З гэтымі задачамі самастойна і цалкам эфектыўна спраўляюцца ўласныя праваахоўныя органы рэспублікі. Менск зʼяўляецца месцам перамоваў Кантактную групы. Гэта вельмі каштоўны і больш чым дастатковы ўклад Беларусі ў мірны працэс. Таму прапанова беларускага кіраўніцтва аб увядзенні на нашы межы іх кантынгенту мы з удзячнасцю адхіляем», – адзначаецца ў заяве Пушыліна, што была распаўсюджана інфармацыйнымі рэсурсамі баевікоў.

Падчас інтэрв’ю ўкраінскім СМІ 26 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы ўвесці міратворцаў на Данбас і нават узяць пад кантроль участак украінска-расейскай мяжы.

«Калі вы хочаце, каб мы зачынілі мяжу на працягу 400 кіламетраў паміж Украінай і Расеяй, якая цяпер не кантралюецца ўладамі Украіны, мы закрыем гэтую мяжу. Хоць для мяне гэта вялікая праблема ўвязвацца ў гэты канфлікт, але мы гатовыя ўвесці туды міратворцаў, памежнікаў, войскі, як хочаце, але мы гатовыя закрыць гэты ўчастак мяжы», – заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнкаю

У Крамлі імгненна адрэагавалі на гэтую заяву. Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што бакамі ў канфлікце з’яўляецца толькі Кіеў і ўлады Данбасу, якіх трэба пытаць меркаванне пра ўвядзенне беларускіх міратворцаў.

Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што гатовы накіраваць беларускіх міратворцаў на Данбас. У лютым 2018 года ён нават называў канкрэтную колькасць кантынгенту – 10 тысяч вайскоўцаў.

ВІДЭА
Лукашэнка: Мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру на Данбасе
2018.10.31 16:47

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў