«Лічыла сябе грамадзянкай Беларусі». Парэшткі Магдалены Радзівіл хочуць перанесці ў Менск


Мацей Радзівіл

Мацей і Мікалай Радзівілы хочуць перапахаваць парэшткі сваёй цёці ў Чырвоным касцёле.

«Яна лічыла сябе грамадзянкай Беларусі», – патлумачыў Мацей Радзівіл на сустрэчы з журналістамі 6 ліпеня.

Мацей і Мікалай Радзівілы прыехалі з Варшавы, каб удзельнічаць у міжнароднай канферэнцыі «Магнаты і шляхта Вялікага княства Літоўскага – апора беларускай дзяржаўнасці, асветнікі і фундатары нацыянальнай культуры: да 155-годдзя з дня нараджэння Магдалены Радзівіл» 7-9 ліпеня.

Яны прадставілі ідэю перапахаваць парэшткі сваёй цёці ў Чырвоным касцёле.

«У мяне ёсць ейны тэстамэнт. Там нічога няма пра жаданне спачыць у пэўным месцы. Дакумент быў напісаны ў 1943 годзе. Мне падаецца, што ў той час ніхто не марыў, каб пасля смерці быць пахаваным у Менску ці ў Нясвіжы, – распавёў Мацей Радзівіл і дадаў: – Яна лічыла сябе беларускай літоўскага паходжання».

Магдалена Радзівіл

Сёння магіла Магдалены Радзівіл, а таксама ейнай дачкі ад першага шлюбу Людвікі Красінскай знаходзіцца ў швейцарскім Фрыбургу. Там, у дамініканскім кляштары, княгіня правяла свае апошнія гады жыцця і памерла ў 1945 годзе. Яна была вымушаная пераехаць з Менску ў Еўропу пасля 1918 году, калі горад захапілі бальшавікі.

«Я размаўляў з яе праўнукамі, – распавёў Мацей Радзівіл. – Ніхто з іх не жыве ў Швейцарыі. Яны хацелі б перанесці сваю бабулю – дачку Марыі Магдалены – у Сіняву, дзе знаходзіцца крыпта князёў Чартарыйскіх. Гэта ў Польшчы, каля ўкраінскай мяжы. Тады я сказаў, што было б добрай ідэяй: перанесці нашу цёцю туды, дзе яна хацела жыць і паміраць, то бок у Беларусь».

Звернуцца да пробашча касцёла і да арцыбіскупа

Мацей і Мікалай Радзівілы маюць намер звярнуцца з гэтай просьбай да пробашча касцёла ксяндза Уладзіслава Завальнюка і да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Магіла Магдалены Радзівіл у Швейцарыі

Князь Мацей заўважыў, што іх цёця была, хіба, самай беларускай у коле Радзівілаў. Дзякуючы менавіта яе падтрымцы з’явіліся творы культуры, добра вядомыя кожнаму беларусу са школьнай праграмы. Яна прафінансавала зборнік «Вянок« Максіма Багдановіча. У знак удзячнасці выдаўцы змясцілі ў якасці экслібрыса родавы герб Магдалены Радзівіл з Завішаў «Лебедзь». Такім жа чынам яна падтрымала першыя выданні іншых беларускіх класікаў. Яна дапамагала выдавецтву «Загляне сонца і ў наша ваконца», адкрывала школы, таварыствы цвярозасці.

«Яна памерла ў Швейцарыі, бо гэта было самае бяспечнае месца ў Еўропе падчас ІІ Сусветнай вайны», – гаворыць князь Мацей.

Менавіта на месцы пахавання дабрадзейкі беларуская дыяспара традыцыйна праводзіць Дзяды. Прэзідэнт «Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі» прадаставіў Belsat.eu рэдкія фотаздымкі княгіні швейцарскага перыяду жыцця.

ХМ, belsat.eu, фотаздымак надмагілля Асацыяцыя беларусаў у Швейцарыі

Стужка навінаў