ЛГБТ-актывістка выйшла з плакатам «Самі вы падробка» да будынкаў МУС і КДБ


Актывістка ЛГБТ-руху Віка Біран сфатаграфавалася ля будынкаў МУС, КДБ і Дома ўраду з плакатам «Самі вы падробка» ў знак пратэсту супраць гамафобскай заявы Міністэрства ўнутраных справаў.

«Гэтая ідэя прыйшла да мяне ўчора ўвечары, пасля таго, як я працягнула чытаць навіны, артыкулы, розныя інтэрв’ю на гэтую тэму, якія зʼяўляліся ў СМІ, – распавяла Віка Біран «The Village Беларусь». – Спачатку я была пакрыўджаная, што пра мяне і маіх сяброў кажуць падобныя рэчы – што я, мае сябры, калегі і партнёры «падробка». А потым я проста стала злавацца і зразумела, што я ўжо не магу ў гэтым бяссіллі чытаць навіны, як усё гэта абсмоктваюць, і слухаць іншых людзей, чыноўнікаў, якія працягваюць гнуць тую ж лінію і казаць, што я, маё жыццё і маё каханне – гэта падробка.

Я зразумела, што неабходна нешта зрабіць, і сядзення ў «Facebook» мне недастаткова. Таму я паклікала сваю сяброўку і папрасіла яе мяне пафатаграфаваць. Я зрабіла плакат са словамі «Самі вы падробка». Чаму яны могуць так пра мяне казаць, а я пра іх не? Гэта несумленна, несправядліва, я на іх пакрыўджаная і хачу сказаць, што яны мяне абражаюць, мне гэта не падабаецца, і я не буду так проста гэта зносіць».

Актывістка адзначае, што яе дзеянні складана назваць пікетамі, што яна была каля будынкаў МУС, КДБ і Дома ўраду нядоўга – яна проста разгарнула плакат, зрабіла фота і пайшла ў іншае месца.

https://www.facebook.com/vika.biran/posts/1757088561020745

«Першапачаткова я думала толькі пра будынак МУС, а потым зразумела, што гуляю па такім прыемным раёне, і надворʼе такое добрае, і сяброўка ў мяне выдатная. Дык чаму б не працягнуць рабіць фота на фоне іншых будынкаў таксама? Яны ўсе заадно, адзін аднаго падтрымліваюць, таму што спачатку пра гэта кажа таварыш з МУС, а потым таварыш з МЗС», – кажа Віка Біран.

Нагадаем, 20 траўня на сайце МУС была апублікаваная заява з крытыкай людзей нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі.

«Як ні круці, але аднаполыя адносіны – гэта падробка. А сутнасць падробкі заўсёды аднолькавая – абясцэньванне ісціны. ЛГБТ-супольнасць, і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасці – усяго толькі падробка! Беларусь абапіраецца на падмурак традыцыйных інстытутаў сям’і і шлюбу. Але пры гэтым мы ў роўнай ступені адкрытыя для ўсяго карыснага, патрэбнага, прагрэсіўнага: для ўсяго таго, што палепшыць жыццё беларуса і будзе спрыяць развіццю грамадства ў цэлым. Мы – за сапраўднае, яны не пройдуць!» – адзначалася ў заяве.

Заява выклікала вялікі рэзананс. У інтэрнэце распачаўся збор подпісаў пад зваротам у Генпракуратуру з патрабаваннем праверыць законнасць скандальных выказванняў на сайце МУС. Увагу на неадназначную пазіцыю беларускага МУС, якую шмат хто палічылі адкрыта гамафобскай, звярнулі таксама міжнародныя СМІ.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў