Аляксандр Фядута Левая нага Ярмошынай вырашала, каго зарэгістраваць кандыдатам

паліткансультант

Можна доўга разважаць, каго і чаму зарэгістравалі, а каго – не зарэгістравалі з патэнцыйных кандыдатаў. Але гэта, як той казаў, лёс: лёс гуляе чалавекам, а чалавек грае на трубе.

Лідзія Ярмошына падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2016 годзе, архіўнае фота tut.by

Да прыкладу, зарэгістравалі Вольгу Нікалайчык і не зарэгістравалі Максіма Вінярскага. А чаму так? Таму што левай назе Лідзіі Ярмошынай так захацелася. Магло быць і наадварот. Бо, як мне здаецца, подпісы ў іх былі прыкладна адной якасці.

https://belsat.eu/ru/news/tsik-zaregistriroval-v-kachestve-kandidatov-v-deputaty-560-chelovek/

У гэтых адносінах асуджанымі на нерэгістрацыю былі ўсяго два прэтэндэнта ў кандыдаты. Дакладней, дзве прэтэндэнткі ў кандыдаткі. Ірына Халіп і Алена Анісім.

Першая – бо зусім ужо неразважна магла і сапраўды сказаць нешта некантралюемае ў тэлевізары. Не, не падчас маналогу: там усё і выразаць можна. А вось калі б яе супернікі па акрузе пагадзіліся на дэбаты ў прамым эфіры, то тут Ірыну Уладзіміраўну ўтрымаць было б цяжка – занадта ўжо цяжкім катком праехалася па яе асабістым лёсе і па лёсе яе сям’і ўладная машына. Лепш не рызыкаваць.

Уладзімір Мацкевіч: Аптымальны ўдзел у выбарах – пад лозунгам «Ярмошыну ў адстаўку!»

З Аленай Анісім і таго прасцей атрымліваецца. Яна дала зразумець, што вельмі не супраць вылучыцца ў прэзідэнты. І ўлада не тое каб спалохалася – у рэшце рэшт, Алена Мікалаеўна – чалавек настолькі лагодны і законапаслухмяны, што ёю нават труса на масленіцу не спалохаеш. Проста ў тых камбінацыях, якія вымалёўваюцца да будучых выбараў, абранне будучага жа апазіцыйнага кандыдата ў парламент (ну, у тое, што ў нас такім называецца) злёгку падаўжае ланцужок і аслабляе аброжак. А вось нерэгістрацыя кандыдатам у дэпутаты стварае цікавую калізію ўжо на стадыі рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.

Выкладчыца, каратыст ды інжынер ідуць у дэпутаты ў Магілёве. Навошта ім гэта?

Сапраўды, гэта сёння ў левай нагі спадарыні Ярмошынай адзін настрой. А заўтра ўсё можа паспрабаваць вырашаць яе правая нага. Ну, ці нейкая іншая частка цела. У 2010 годзе, напрыклад, зарэгістраваныя былі нават тыя кандыдаты ў прэзідэнты, хто потым на пытанне «А ты подпісы-то сабраў?» Сумленна адказвалі: «Ну, мяне ж зарэгістравалі».

Сумленнасць пры гэтым была як раз у тым, што ў вочы табе кандыдаты гэтыя не хлусілі, а спасылаліся на рашэнне ЦВК як на некаторую безвыходнасць: маўляў, куды ж я цяпер падзенуся з гэтай падводнай лодкі?

Цяпер становішча спадарыні Анісім становіцца больш, чым далікатным. У любы момант ЦВК можа сказаць ёй:

– Мадам, так Вы ж тысячу «чыстых» подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты сабраць не змаглі. Настолькі Вашы сябры ініцыятыўнай групы абленаваліся. Так што – Вы цяпер хочаце нас запэўніць, што сабралі сто тысяч подпісаў? Не верым! Не Станіслаўскі (калектыўны) мы, але ўсё адно: НЕ ВЕ-РЫМ!!!

Канапацкую і Анісім не зарэгістравалі ў якасці кандыдатак. Ларысу Жыгар з «Маці 328» – так

І дакладна на такой жа падставе адсоўваем ад рэгістрацыі. Не, калі абураная грамадскасць на чале з Алегам Трусавым пойдзе пікетаваць адпаведны орган, можа быць, і зарэгіструюць, але, па-першае, і час на агітацыю міне, а па-другое, дэпутацкага мандата не будзе. Апошняе азначае, што голас абуранай грамадскасці пачуе хіба што якая-небудзь амбасада. Але не ўлада.

Спадарыня Канопацкая, як мне здаецца, у гэтым выпадку «трапіла пад раздачу» ужо і зусім за кампанію. Тым больш, што родная партыя ў даверы адмовіла. А раз адмовіла – што ж, Лідзіі Міхайлаўне быць свяцейшай за спадара Казлова, ці што? Ён не паверыў – і яна не паверыла. І як прыгожа атрымалася, напраўду: дзве апазіцыйныя дэпутаткі – і абедзвюх не зарэгістравалі. Аб’ектыўна! Каб нікому крыўдна не было!

Беларусы распавялі, ці лічаць выбары святам

У гэтых адносінах прыгажэйшай за ўсiх выглядае Таццяна Караткевіч, былы перадвыбарчы праект «ТаК!». Яна нават не стала ініцыятыўную групу рэгістраваць. Таму што другі раз атрымліваць ад улады штурхаля не вельмі хочацца. Зноў-такі, нерэгістрацыя з прычыны «няякасных» подпісаў ўзбудзіла б у грамадстве плёткі, якія ўзніклі пасля прэзідэнцкай кампаніі 2015 года, калі свае ж сябры перадвыбарчага штаба адкрыта загаварылі аб методыцы збору подпісаў пад Таццяну Мікалаеўну. Ну, мякка кажучы, методыцы, што не зусім адпавядала тэхналогіі, прадугледжанай ЦВК. Была такая справа, нагадваць не варта. Тым больш, што падставы сама спадарыня Караткевіч гэтым разам і не дала.

Адным словам, як спяваў вялікі кіяўлянін Аляксандр Мікалаевіч Вярцінскі:

Мадам, уже падают листья,

И осень в смертельном бреду…

Лідзія Ярмошына: Недарэчна казаць, што ў нас няма дэмакратыі

Усе нашы выбары – цалкам смяротнае трызненне. Падсвядомасць улады вызначае – часам, без залежнасці ад свядомасці, якой валодае ў гэтай сістэме ўсяго толькі некалькі чалавек, – вынікі нават такіх смешных, па сутнасці, кампаній, як электаральныя.

Адно радуе: Ірына Халіп ўжо паабяцала купіць мятлу і лётаць на ёй над Менскам, асвячаючы сваёй прысутнасцю перадвыбарчыя пікеты зарэгістраваных кандыдатаў ад «Еўрапейскай Беларусі». Не сумняваюся, што сваё абяцанне яна выканае, і юнацтву, таму, хто выходзіць з дзіцячага саду і сузірае карціну прызямлення Ірыны Уладзіміраўны, будзе пра што расказваць братам па дзетсадаўскай групе. Некаторыя нават павераць.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары