«Лепш з’ехаць, чымся застацца інвалідам пасля Акрэсціна». Беларускі ўцякач – пра чатыры гады ў Польшчы


Хваля пратэстаў не сціхае ўжо другі месяц, як і сваволле прадстаўнікоў сілавых структураў. Толькі цягам апошняга нядзельнага маршу былі затрыманыя 247 асобаў. Ёсць сведчанні, што гвалт і катаванні не спыняюцца. Усё больш беларусаў задумваюцца пра пераезд у іншую краіну. Belsat.eu ужо публікаваў артыкул, у якім тлумачыў працэдуру атрымання статусу ўцекача. У гэтым матэрыяле Зміцер Белагорцаў, які 4 гады таму папрасіў прытулку ў Польшчы, дзеліцца сваім досведам атрымання міжнароднай аховы.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Зміцер Белагорцаў апынуўся ў Польшчы ў 2016 годзе, куды трапіў з тэрыторыі Украіны: перайшоў мяжу нелегальна. Мужчына кажа, што іншага выйсця не меў. Ён быў адным з беларусаў, які дапамагаў украінцам у вайне на Данбасе. Спачатку яго размеркавалі ў закрыты цэнтр для замежнікаў у памежным горадзе Пшэмысьль.

«Праз тое, што ў мяне не было ніякіх дакументаў, акрамя пашпарта, і я трапіў на тэрыторыю Польшчы нелегальна, я адседзеў у закрытым лагеры. Можна сказаць, што гэта турма. Потым мяне скіравалі ў адкрыты лагер у Белай Падляскай, з якога адправілі ў лагер каля Варшавы. Так выглядае працэдура».

Паводле Змітра, працэдура можа адрознівацца: калі вы легальна заехалі ў Польшчу (на падставе візы), вас не змяшчаюць у лагер прымусова.

«Паводле Дублінскай канвенцыі, чалавек павінен прасіць прытулку ў першай краіне, куды ён фізічна заехаў. Нават калі дойдзеце да Нямеччыны, вас вернуць у Польшчу, хутчэй за ўсё, у кайданках, каб вы не ўцяклі».

Hавiны
Як беларусу легалізавацца ў Польшчы? Пакрокавая інструкцыя
2020.08.24 19:49

Што адбываецца пасля таго, як вы трапілі ў Польшчу

Вы можаце папрасіць міжнароднай аховы адразу на мяжы пры правяранні дакументаў або ў любым аддзяленні памежнай службы. Таксама можна прасіць аховы ў месцы ўтрымання, куды вас скіравалі пасля перасячэння мяжы: міграцыйным цэнтры або ізалятары для замежнікаў.

Першая абавязковая працэдура – сумоўе пра абставіны і прычыны выезду з краіны. Яго можна прайсці на мяжы або ва Управе справаў замежнікаў. Улічвайце, што вас абавязкова сфатаграфуюць, возьмуць адбіткі пальцаў, правядуць медычны агляд, у тым ліку зробяць флюараграфію ды аналізы на заразныя хваробы. На гэты час вас маюць права трымаць у адмысловай установе.

«Самае важнае, што ў вас забіраюць пашпарт і выдаюць часовае пасведчанне замежніка, пасля чаго прызначаюць тэрмін асноўнага сумоўя. Як правіла, гэта 2 тыдні або 2 месяцы, залежыць ад наплыву заявак. Паводле статыстыкі, статус уцекача атрымліваюць 1–2 % – сярод украінцаў і чачэнцаў. З цяперашняй сітуацыяй у Беларусі ўсё можа змяніцца. Трэба памятаць, што людзі злоўжываюць, імкнучыся зарганізаваць жыццё за мяжой, а ім нічога не пагражае».

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

А грошы дадуць?

Калі вам няма куды ісці, вы маеце права жыць у цэнтры для ўцекачоў цягам усяго працэсу прызнання міжнароднай аховы, распавядае Зміцер. Там забяспечваюць 3-разовае харчаванне, курсы польскай мовы, выдаюць 70 злотых на месяц.

Калі вы пакідаеце лагер, вам выплочваюць штомесяц 750 злотых на ўтрыманне. Гэта кампенсацыя, што вы не абцяжарваеце польскай дзяржавы. Выдаткі кампенсуюць з разліку 25 злотых на дзень. Плоцяць увесь час, пакуль разглядаецца справа. Апошні тэрмін разгляду справы аб прызнанні статусу ўцекача – 6 месяцаў. Паводле Змітра, працэдура можа зацягнуцца:

«У вас няма пашпарта, пасведчанне асобы ніякіх правоў не дае. Вы не можаце працаваць, выязджаць за мяжу, вучыцца ў ВНУ. Калі цягам паўгода органы не прынялі ніякай пастановы, вы можаце прыйсці і папрасіць дазволу на працу. Дадатковых патрабаванняў няма, дастаткова напісаць заяву».

Hавiны
Як беларусу легалізавацца ва Украіне? Тлумачым на пальцах
2020.08.26 19:36

Прызналі статус уцекача: што далей?

Пасля пастановы аб статусе ўцекача ў лагеры вы можаце пражыць толькі месяц. Калі вам няма дзе жыць, трэба звяртацца ў сацыяльныя службы. Цяпер у вас тыя ж правы, што і ў кожнага грамадзяніна Польшчы, акрамя магчымасці галасаваць, права працаваць па-за Польшчаю, служыць у войску і займаць пасады ў дзяржаўных структурах.

«Я даволі доўга жыў у гостэлах і абы-дзе, але гэтак шмат хто жыве. Інстытут міжнароднай абароны не прызначаны для развязання фінансавых праблемаў. Статус уцекача можа ўратаваць вашае жыццё, калі ёсць рэальная пагроза. Спадзявацца, што жыццё палепшыцца ў сэнсе матэрыяльных выгодаў, не варта. Уцякач ніколі не зможа вярнуцца дадому. Гэта квіток у адзін канец».

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Пасля пяці гадоў у статусе ўцекача вы маеце права папрасіць сталы від на жыхарства. Праз чарговыя два гады – грамадзянства. Зміцер прызнаецца, што гэтая працэдура даволі складаная: увесь гэты час трэба афіцыйна працаваць і плаціць падаткі. Але наш герой не шкадуе пра вымушаны пераезд у Польшчу.

«Бытавыя праблемы, праблемы ў камунікацыі, выгоды альбо самотнасць не стаяць на шалях, калі перад табою выбар: або ты прыязджаеш, або цябе робяць інвалідам на Акрэсціна».

  • У сувязі з падзеямі ў Беларусі Асацыяцыя прававой інтэрвенцыі падрыхтавала інфармацыйную брашуру наконт магчымасці ўехаць у Польшчу, а таксама правоў і абавязкаў грамадзянаў Беларусі, якія пастанавілі прыехаць у Польшчу.

Карысныя спасылкі:

ДР belsat.eu

Стужка навінаў