«Лепш паехаць на ўкраінскі фронт, чым працаваць за такія грошы». Аршанец насуперак штрафам працягвае ладзіць пікеты


Раман Кузмянкоў

Жыхара Воршы Рамана Кузмянкова зноў аштрафавалі за адзіночны пікет з плакатам «По 500 тут нет». Belsat.eu паразмаўляю з аршанцам пра тое, што яго штурхае выходзіць на вуліцу.

Летась у Воршы адбыліся масавыя пратэсты супраць дэкрэту №3, больш вядомага ў народзе як дэкрэт аб дармаедах. У тых пратэстах прымаў удзел і Раман.

Пратэст супраць дэкрэту №3 у Воршы. Стоп-кадр з онлайн-трансляцыі «Белсату» 12 сакавіка 2017 года

З таго часу мінуў год, дэкрэт паспелі адмяніць ды прыняць замест яго іншы. Але сітуацыя з працай у рэгіёне не палепшылася.

«Усё пачалося з таго, што проста банальна не было грошай. Няма працы. Ад кіраўніцтва краіны ніякіх адказаў няма, адныя абяцанні. Проста трэба за нешта жыць. Тая праца, якая ёсць зараз, – гэта рабская праца, мякка кажучы. Проста ўсё гэта ўжо надакучыла, накіпела. Таму проста ўзяў плакат ды выйшаў на плошчу», – тлумачыць Кузмянкоў.

Пікет у Воршы 14 траўня. Фота orsha.eu

Першы адзіночны пікет адбыўся 14 траўня на галоўнай плошчы гораду. З плакатам «По 500 тут нет» Раман змог прастаяць каля 15-ці хвілін, пасля чаго яго затрымалі і адвезлі ў РАУС супрацоўнікі міліцыі.

«Адразу склалі пратакол. Трымалі ў міліцыі доўга, дзесьці гадзінаў 7, і ўжо толькі пад вечар адвезлі ў суд. А вось сам суд скончыўся хутка: хвілін за 10. Далі штраф у 20 базавых ды адпусцілі дамоў».

Не мінула і содняў, як мужчына зноўку сустрэўся з супрацоўнікамі міліцыі.

«Прыходзяць двое міліцыянтаў ды паказваюць паперу на агляд кватэры. Не на вобшук, а на агляд, які быў ініцыяваны намеснікам пракурора Аршанскага раёну паводле ананімнай заявы за абразу службовай асобы».

Каго менавіта пакрыўдзіў Раман, так і не паведамілі. Затое забралі сістэмны блок, здымны дыск, флэшку ды друкарку. Аніякіх дакументаў не пакінулі, але запрасілі на размову са следчым у Следчы камітэт.

«Следчы выклікаў даць паказанні наконт абразы службовай асобы, але большая частка пытанняў датычыла менавіта пікету, а не да абразы. Каго канкрэтна я абразіў – зноў жа не сказалі».

У Следчым камітэце Раман Кузмянкоў папрасіў следчага выдаць яму дакумент наконт таго, што ў яго забралі тэхніку. Пасля доўгага чакання дакумент усё ж такі далі, і нават вярнулі друкарку, палічыўшы яе зламанай. Прайшлі два тыдні, але рэшту тэхнікі гэтак і не вярнулі.

21 траўня Раман выйшаў на чарговы пікет

Другі пікет адбыўся на раздзяляльнай зялёнай зоне паміж дарогай у Першым мікрараёне. Гэтым разам Раман выбраў месца выбраў падалей ад цэнтру, каб пікет быў даўжэйшы. Але выйшла цалкам наадварот: у міліцыю яго забралі яшчэ хутчэй, чым у першы раз.

Абодва разы пратакол на яго складала маёр міліцыі Лілія Трушко. У свой час з ейнай дапамогай ужо паспелі асудзіць за супрацу з тэлеканалам «Белсат» журналістаў Віталя Скрыля і Уладзіміра Лунёва, а таксама шэраг грамадскіх актывістаў Воршы.

«Пытанні задавала сама спадарыня Трушко. Але я адмовіўся ад дачы паказанняў. Гадзіны 3 мяне яшчэ пратрымалі ў РАУС. А паколькі суды ў гэты дзень ужо не праводзіліся, мяне накіравалі ў ІЧУ, дзе я і правёў усю ноч і частку наступнага дня. Пасля абеду мяне адвезлі ў суд».

Другі суд прайшоў паводле іншага сцэнара: пасярод пасяджэння адбыўся вялізны перапынак, пасля якога працэс так і не аднавіўся. Замест гэтага Рамана павезлі на судова-псіхіятрычную экспертызу.

«Задавалі даволі агульныя пытанні пра мяне. Чаму я гэта раблю, ці ўсведамляю адказнасць за свае дзеянні, распытвалі пра маю адукацыю ды пра тое, чым я займаўся апошнім часам. Уся гэтак званая экспертыза працягвалася хвілін 15, пасля чаго мяне адпусцілі».

28 траўня пазваніла маёр міліцыі Лілія Трушко ды паведаміла, што ўжо ёсць вынікі экспертызы, пасля чаго запрасіла Рамана да сябе ў РАУС. Экспертыза не знайшла аніякіх адхіленняў, таму Трушко перааформіла дакументы і іх ў суд. Гэтым разам Кузмянкову прысудзілі 22 базавыя велічні.

11 чэрвеня ў Рамана назначана сустрэча з намеснікам старшыні Аршанскага райвыканкаму, на якой будзе абмяркоўвацца сітуацыя з беспрацоўем у рэгіёне. Калі гэткая сустрэча не дасць выніку, адзіночныя пікеты ў Воршы могуць паўтарыцца. Бо цяперашнюю сітуацыю ў горадзе Раман апісвае так:

«Лепш паехаць на фронт украінскі, чым працаваць за тыя грошы, які прапануюць у Беларусі».

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары