Лепельскі ўгоншчык скраў каток, каб разраўняць пясок у двары


Пра тое, што жыхар Лепельскага раёну ўгнаў каток, у міліцыю паведаміла ягоная маці.

Дарожная тэхніка захрасла на ўездзе ў двор, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага УУС.

Інцыдэнт адбыўся 28 ліпеня. 58-гадовы мужчына, якога раней неаднаразова судзілі, угнаў каток, што стаяў на ўчастку дарогі Вялікі Поўсвіж – Чарнаручча.

Мужчына, які быў п’яны (1 праміле алкаголю ў крыві), змог завесці каток і праехаць на ім 500 метраў да свайго дому ў вёсцы Малы Поўсвіж. Свой учынак міліцыянтам растлумачыў проста: хацеў разраўняць пясок на ўездзе ў двор.

Аднак на супраць яго завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 214 (угон транспартнага сродку) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Цяпер парушальніку, якога раней ужо судзілі за ўгон, пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Цікава, што ў прадпрыемства, якое абслугоўвае дарогі ў рэгіёне, не ўпершыню крадуць тэхніку. Два месяцы таму 60-гадовы рэцыдывіст, які мае 40 гадоў турэмнага стажу, угнаў трактар МТЗ.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў