Лепей Лукашэнка ў Менску, чым расейскія танкі ў Берасці




Селектарная нарада міжнароднага ўзроўню. Крытыкаваў, папракаў, выказваў крыўды. Аляксандр Лукашэнка ва ўласным стылі павітаў замежных гасцей на Мюнхенскай канферэнцыі ў Менску. Уплывовая канферэнцыя, якая мае на мэце абмеркаванне асноўных пытанняў міжнароднае бяспекі, сёлета адбылася ў беларускае сталіцы. Ці Беларусь зноў мае шанец стаць перамоўнаю пляцоўкаю, гэтым разам паміж Захадам і Усходам?

Уваход толькі для дзяржаўных медыяў. Замежным медыям дазволілі крыху зняць Мюнхенскую канферэнцыю аб бяспецы ў Менску. Большасць саміту прайшла за зачыненымі дзвярыма. Зрэшты, прамова Лукашэнкі мала чым адрознівалася ад легендарных селектарных нарадаў. Толькі вось пад раздачу трапілі высокія еўрапейскія чыноўнікі…

«Паглядзіце, якія працэсы ў вас адбываюцца, у вас на Захадзе, у дзяржавах? А вы талдычыце па-ранейшаму пра нейкую дэмакратыю», – абураўся Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі папракаў і не хаваў крыўдаў на заходнія краіны. Асабліва што да ягонай ідэі правесці ў Беларусі перамовы пад сімвалічнаю назваю «Хельсінкі-2».

«Тады мы нярэдка чулі, што, маўляў, Беларусь занадта наіўная, высоўваючы такога кшталту прапановы. Будзем шчырыя, некаторыя намякалі на тое, што і не справа гэта Беларусі», – працягваў Лукашэнка.

Праўладныя медыі прэзентавалі правядзенне Мюнхенскай канферэнцыі ў Менску як вялікі поспех Беларусі на міжнароднае арэне. Тым не менш эксперты падкрэсліваюць, што спатканні асноўнай групы Мюнхенская канферэнцыі аб бяспецы адбываюцца ўжо 9 гадоў у розных краінах і на розных кантынентах.

Мар’я Пшэломец, аўтар праграмы «Студыя Усход» на польскім тэлеканале TVP INFO, пільна сачыла за спатканнем у Менску:

«Уладам Беларусі, асабліва Аляксандру Лукашэнку, вельмі важна паказаць сябе палітыкам, з якім лічыцца ўвесь свет – і Пуцін, і Расея, і Захад. Ён вельмі гэта падкрэслівае. Тым больш што апошнім часам роля Менску як гэткага пасярэдніка паміж Украінай і заходнімі краінамі істотна зменшылася».

Роля міратворцы ў расейска-ўкраінскім канфлікце сапраўды прынесла Лукашэнку істотныя дывідэнды. Неўзабаве пасля спаткання «нармандскай чацвёркі» ў Менску Еўразвяз спачатку прыпыніў, а пазней цалкам скасаваў санкцыі супраць Беларусі. Аднак праблемы з дэмакратыяй усцяж замінаюць поўнай нармалізацыі стасункаў паміж Захадам і афіцыйным Менскам.

«Як толькі даходзіць да канкрэтных пытанняў узаемадзеяння, то ў нас, аказваецца, ёсць праблемы з правамі чалавека. Вось разумееце? У Беларусі – праблемы з правамі чалавека, больш нідзе іх няма», – наракаў кіраўнік Беларусі.

Важнасць дэмакратычных стандартаў у размове з «Белстатам» падкрэсліў і міністр замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч:

«Са свайго боку мы будзем рабіць усё, каб падтрымаць суверэннасць Беларусі, адначасова звяртаючы ўвагу на захаванне правоў чалавека і палітычных свабодаў, якія застаюцца пэўнай умовай нармалізацыі гэтых дачыненняў».

Міністр, між іншага, адзначыў важную ролю нашага тэлеканалу ў аб’ектыўным асвятленні сітуацыі ў Беларусі. Паводле польскіх экспертаў, візіт кіраўніка польскай дыпламатыі быў сімвалічны. Ён не абмежаваўся толькі ўдзелам у канферэнцыі.

«Мне падаецца, вельмі істотна, што польскі міністр замежных справаў ускладае вянкі сёння, у Дзень усіх святых, у Курапатах – трагічным месцы і для беларусаў, і для палякаў. А Курапаты – вельмі нявыгадныя для сучасных беларускіх уладаў», – кажа Мар’я Пшэломец, польская публіцыстка і экспертка ў справе дзяржаваў былога СССР.

Паміж Польшчаю і Беларуссю застаецца шэраг вострых пытанняў. Варшаву перадусім хвалюе складаная сітуацыя польскай меншасці, афіцыйны Менск – планы размясціць на тэрыторыі Польшчы сталую вайсковую базу ЗША пад умоўнаю назваю форт «Трамп».

«Выступ прэзідэнта на гэтай канферэнцыі быў, можна сказаць, традыцыйным. Ён пратэставаў, крытыкаваў планы Польшчы зрабіць большай вайсковую прысутнасць ЗША, сцвярджаючы, што гэта можа ствараць пэўную пагрозу. Але я разумею, што такая ёсць ягоная роля», – пракаментаваў словы Лукашэнкі кіраўнік польскай дыпламатыі Яцэк Чапутовіч.

Што цікава, з прадстаўніком ЗША Аляксандр Лукашэнка размаўляў зусім у іншым тоне. Адначасова з Мюнхенскай канферэнцыяй у Менску з візітам быў памочнік дзяржсакратара ЗША ў еўрапейскіх і еўразійскіх справах Ўэс Мітчэл. Кіраўнік Беларусі назваў сустрэчу гістарычнай.

«Калі мы будзем запатрабаваныя ў развязанні самых складаных праблемаў у Еўропе, асабліва ва Усходняй Еўропе, тут – на разломе геапалітычным, мы гатовыя да гэтага», – заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас спаткання з прадстаўніком ураду ЗША.

Пакуль, аднак, Менск не гатовы вярнуць амбасадара ЗША, якога выдалілі 10 гадоў назад. Спатканне з Лукашэнкам не было адзіным. Прадстаўнік Белага дому сустрэўся з прадстаўнікамі гэтак званай памяркоўнай апазіцыі – рухам «Гавары праўду». Па выніках размовы лідар арганізацыі ацэньвае, што Вашынгтон змяніў пазіцыю адносна Беларусі на больш актыўную.

«І тое, што Ўэс Мітчэл быў сукіраўніком камісіі па Беларусі 5 гадоў таму, будзе дапамагаць. І з нашай размовы вынікала, што яму гэта і асабіста цікава. Што гэта не проста бюракратычны інтарэс, але і асабісты інтарэс», – мяркуе лідар руху «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

Інтарэс – ключавое слова ў кантактах Беларусі і Захаду апошнім часам. Заўважная актыўнасць замежных чыноўнікаў і дыпламатаў расце разам з усё больш агрэсіўнай рыторыкай Масквы.

«Апошнім часам з’явілася інфармацыя, што нібыта Расея хацела б уключыць Беларусь у склад Расейскай Федэрацыі. На мой погляд, яна не вельмі абгрунтаваная. Тым не менш, яна магла занепакоіць Захад», – адзначае Мар’я Пшэломец.

І магчыма таму ў Нямеччыне вырашылі гэтым разам правесці прадстаўнічую канферэнцыю ў Менску, каб узмацніць міжнародную пазіцыю Беларусі. Маўляў, лепей Лукашэнка – у Менску, чым расейскія танкі – у Берасці. Але кіраўніку Беларусі гэтага мала: яго цікавяць канкрэтныя эканамічныя дывідэнды і поўнае міжнароднае прызнанне.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Стужка навінаў