Ленін супраць гісторыі. Што можна ўсталяваць замест помнікаў расейскаму рэвалюцыянеру?


Дагэтуль у свеце застаецца некалькі тысяч помнікаў Леніну і незлічоная колькасць ягоных жа бюстаў. Амаль усе яны сканцэнтраваныя на прасторы былога Савецкага Саюзу, аднак Ілліч сустракаецца паўсюль: ад Антарктыды да Шпіцбергену і ад Лас-Вэгасу да Зімбабвэ. Беларусь – адзіная з краінаў на постсавецкай прасторы, дзе не было паўнавартаснай дэсаветызацыі. Але нягледзячы на гэта за апошнія 27 гадоў колькасць помнікаў Леніну зменшылася на траціну. Да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі belsat.eu паспрабаваў знайсці іх усе і прапаноўвае альтэрнатыўныя помнікі ў беларускіх гарадах.

Было 600,а засталося 400

«Кавалак Савецкага Саюзу», «СССР у XXI стагоддзі» – гэтак часам называюць нашую краіну на Захадзе, ды і не толькі. Нельга сказаць, што гэтыя словы гучаць беспадстаўна, бо стаўленне ўладаў да савецкай спадчыны практычна не змянілася з таго часу.

У Беларусі амаль цалкам захаваўся гэтак званы сталінскі ампір – кірунак архітэктуры, манументальнага і дэкаратыўнага мастацтва СССР. Серп з молатам амаль на кожным будынку, а дзяржаўны сцяг вельмі падобны да сцяга БССР. Нягледзячы на гэта, беларусы ведаюць гісторыю і маюць уласны погляд на тыя часы, які адрозніваецца ад ідэалогіі ўладаў.

Леніна аблілі фарбаю ў Лідзе ў 2016 годзе

Часам помнікі абліваюць зялёнкай і фарбамі, а ў Горадні і Менску пайшлі далей ды стварылі петыцыі, у якіх просяць знесці помнікі на галоўнай плошчы гораду.

Актыўна дэмантуюцца помнікі, якія размяшчаліся на тэрыторыі прадпрыемстваў. Гэта адбываецца падчас рэарганізацыі тэрыторыяў або пры закрыцці заводаў ці фабрык. Гэтак адбылося ў Бабруйску, Магілёве, Слоніме ды іншых гарадах.

Дэмантаж помніка Леніна ў Бабруйску. Фота Аляксандра Бернікава

Суседзі зносяць, а мы ўсталёўваем

У грамадстве ёсць запыт на дэсаветызацыю, і гэта праўда, што добра відаць на прыкладзе Украіны і краінаў Балтыі. Усе леніны ў Балтыі былі дэмантаваныя на пачатку 1990-х – засталіся толькі адмыслова захаваныя помнікі ў парку савецкіх манументаў у літоўскіх Друскеніках і некалькі помнікаў у Латвіі, якія цяпер належаць прыватным асобам.

Рытуальнае скіданне помніка Леніна падчас Еўрамайдану 8 снежня 2013 года ў Кіеве стала пачаткам ленінападу па ўсёй Украіне і другой хвалі дэкамунізацыі пасля развалу СССР.

Знос Леніна ва Украіне ў час Еўрамайдану

Падаецца, што і ў Беларусі можна лёгка рэалізаваць такі план, і ўжо заўтра ў вочы не будзе кідацца вялікі мужчына з кепкай. Калі б усё было гэтак проста, то напэўна вы б цяпер не чыталі гэтага артыкулу.

Першае, у Беларусі ёсць дзевяць помнікаў Іллічу, якія маюць статус «недатыкальных»: сталічны на плошчы Незалежнасці, пінскі, берасцейскі, віцебскі, гомельскі, магілёўскі, салігорскі і помнік у Баранавічах. Усе іншыя – каштоўнасці не ўяўляюць, і клапоцяцца пра іх толькі мясцовыя ўлады і адміністрацыі прадпрыемстваў.

Другое, у нас дагэтуль паўстаюць новыя помнікі. Мала, але гэткія выпадкі ёсць. Роўна два гады таму ў Менску ўрачыста адкрылі адноўлены помнік Леніна ля МТЗ, а сёлета ў кастрычніку пад Віцебскам з’явіўся арыгінальны помнік Леніна з коткай.

Колькі помнікаў засталося, і чым іх можна замяніць?

У Беларусі найбольш помнікаў Леніна захавалася ў Менску – 16. Але на пачатку 1990-х першынства было ў Бабруйску – 22 помнікі. Да кастрычніка 2018-га дажылі толькі восем з іх.

Ці патрэбна столькі падобных помнікаў нашай краіне? – пытанне рытарычнае. Лепш звярнуць увагу на тое, чым іх замяніць. Бо ў нашай гісторыі шмат асобаў, што заслугоўваюць таго, каб з’явіцца на цэнтральнай плошчы гораду ці сталіцы.

У Менску, напрыклад, дагэтуль няма помніка Глебу Менскаму – родапачынальніку менскай галіны полацкіх князёў, які на пачатку XII стагоддзя праводзіў палітыку аб’яднання вакол Менску полацкіх гарадоў. Ці першаму менскаму мэру – графу Чапскаму, дзякуючы якому ў горадзе з’явіліся конка, электрычнасць і водаправод.

Рэканструкцыя вобразу Софʼі Менскай. Фота Алега Дзярновіча

Софʼі Менскай, якая стала каралевай Дацкай, зводнай сястрой караля, маці двух каралёў (адзін з якіх заснаваў Таллін), каралеваў Францыі, Швецыі, і гэтак далей.

Варта ўшанаваць кампазітараў Тэраўскага і Рак-Міхайлоўскага, якія былі расстраляныя ў адну з начэй 1938 года. Тэраўскі напісаў «Купалінку», а Рак-Міхайлоўскі – «Зорку Венеру», якія зрабіліся сапраўды народнымі песнямі.

Было б вельмі дарэчы, каб з’явіўся помнік святому Феліцыяну – хрысціянскаму патрону Менску, святому, які шануецца і праваслаўнай, і каталіцкай царквой. Дзень Святога Феліцыяна быў днём гораду, а цяперашняя вуліца Камсамольская насіла ягонае імя. Няма помнікаў геніяльным акторкам Купалаўскага тэатру Стафаніі Станюце і Галіне Макаравай.

Спіс людзей, памяць пра якіх яшчэ не ўшанаваная, belsat.eu працягне заўтра, але рэч у тым, што на гэты момант мы не маем помнікаў выбітным менчукам, але маем 16 копіяў Леніна толькі ў сталіцы.

Васіль Русецкі, belsat.eu

Стужка навінаў