Лекары распачалі аказваць бясплатную дапамогу ахвярам гвалту сілавікоў

Прыватныя медычныя цэнтры ў Беларусі распачалі бясплатную дапамогу асобам, якія пацярпелі падчас акцыяў пратэсту 9-14 жніўня. Гэтак, напрыклад, бясплатную медычную дапамогу можна атрымаць у цэнтры «ЛАДЭ», а таксама ў цэнтры «Тамаграфія».

Уласнікі і калектывы лекараў медцэнтраў «ЛАДЭ» і «Тамаграфія» вырашылі бясплатна аказваць дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад гвалту ў мірных вулічных акцыях пратэсту 9-14 жніўня.

Жыхары Берасця, Горадні і Менску могуць звяртацца ў цэнтры «ЛАДЭ».

«Бясплатнае аказанне дапамогі вызначае лекар, паводле характараў траўмаў, атрыманых чалавекам. Гэта значыць бясплатная дапамога, ці не – вызначае толькі лекар. Пацыентам неабходна запісвацца на прыём да медыкаў. Мы не адмаўляем у запісе, але папярэджваем, што лекар вызначыць ці будзе бясплатнае аказанне дапамогі», – паведамілі «Белсату» у медычным цэнтры.

Шэраг лекараў акажуць дапамогу і ў сталічным медычным цэнтры «Тамаграфія».

«У нас можна атрымаць дапамогу неўролага і траўматолагаа-артапеда. Мы можам бясплатна ахвярам пратэстаў правесці МРТ і УЗІ дыягностыку. Калі пацыент раней звяртаўся ў траўмапункт і на руках мае накіраванне на МРТ і УЗІ – таксама зробім гэта бясплатна», – распавяла «Белсату» Вікторыя Лістратава, вядучы спецыяліст па маркетынгу медцэнтру «Тамаграфія».

У цэнтры падкрэсліваюць, што насамрэч установа даволі малая і колькасць спецыялістаў абмежаваная.

«Наш цэнтр малы і аспект медычных паслугаў адносна невялікі. Але ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што мы будзем рабіць медычнае асвядчэнне і экспертызу. Нам стала паступаць вельмі шмат тэлефанаванняў. Але гэта было да афіцыйнага з’яўлення інфармацыі на нашым сайце. Сёння ў нас лекары аказваюць дапамогу з 17.30», – дадала Вікторыя Лістратава.

Да акцыі з бясплатнай медычнай дапамогі далучаюцца і іншыя невялікія прыватныя медычныя ўстановы. Пацярпелым ад гвалту сілавікоў гатовыя бясплатна дапамагаць розныя лекары.

Мабільныя аператары вяртаюць грошы абанентам

Аператары мабільнай сувязі ў Беларусі распачалі дасылаць паведамленні абанентам пра кампенсаванне абаненцкай аплаты праз адсутнасць інтэрнэту. Адным з першых стаў аператар А1.

«З прычыны значных цяжкасцяў з доступам да мабільнага інтэрнэту па незалежных ад А1 прычынах, у перыяд з 9 жніўня да 11 жніўня, Вам будзе налічаная кампенсацыя ў памеры 100 % штодзённай абаненцкай платы Вашага тарыфу за поўныя 3 дні адсутнасці інтэрнэт-сэрвісаў.

Кампенсаванне будзе праведзена ў аўтаматычным рэжыме і адлюструецца на Вашым балансе ў адзін з дзён тыдня, пачынаючы з 16 жніўня, пра што Вы атрымаеце адпаведнае SMS-апавяшчэнне. Дзякуем за разуменне!»

Аналагічныя паведамленні пачалі атрымліваць абаненты мабільных аператараў МТС і LIFE.

 

СК belsat.eu

Hавiны