«У нашым шпіталі хлопец, якога АМАП згвалтаваў дубінкай». Рэаніматолаг з Менску пра ахвяраў 9–10 жніўня


Анестэзіёлаг-рэаніматолаг менскага шпіталя Н (імя і кантакты лекара ў рэдакцыі. – Belsat.eu) на ўмовах ананімнасці распавяла «Белсату» пра ахвяраў міліцэйскага гвалту. Многія збітыя амапаўцамі людзі застануцца інвалідамі. Сярод ахвяраў катаванняў і згвалтаваны міліцэйскай дубінкай.

З 9 да 12 жніўня анестэзіёлаг-рэаніматолаг Менскага шпіталя Н. працавала ў больніцы. Яна мела дыжур удзень і ноччу. У наступныя дні хваля пацярпелых не зменшылася. Паводле нашай суразмоўцы, лекары ў краіне шакаваныя тым, як сілавікі катавалі людзей.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Найбольш частыя звычайныя сінякі і гематомы на ніжніх канечнасцях, спіне, траўмы галавы, у асноўным лёгкія чэрапна-мазгавыя траўмы. 9 і 10 чысла ў асноўным паступалі пацыенты з кантузіямі, пашкоджаннямі вачэй, якія людзі атрымалі ў выніку таго, што сілавікі выкарыстоўвалі святлошумавыя гранаты. Шмат пашкоджанняў вушэй. Таксама ў выніку выкарыстання гумавых куль, якія траплялі ў самыя небяспечныя месцы, шмат у каго пашкоджаныя вочы. Ведаю адзін выпадак, калі чалавек страціў зрок на адно вока. Не ведаю, ці цалкам, ці назаўсёды. Кулі траплялі ў трахею, у грудзі, у кішэчнік. Кулі наскрозь прабівалі кішку людзям. У асноўным такое. А вось пасля 9-10 чысла сталі паступаць пацыенты з Акрэсціна, Жодзіна».

Амапаўцы збівалі і нават гвалтавалі людзей

«У нашым шпіталі цяпер адзін хлопец, якога згвалтавалі дубінкай. Гэта сапраўды факт, які я магу пацвердзіць. Ён на лячэнні ў нас цяпер. Гэта дакладная інфармацыя».

«Большасць пацыентаў, якія ў нашым шпіталі пойдуць на папраўку. Але шмат асобаў у выніку выбухаў і кулявых раненняў застануцца інвалідамі. Гэта ў асноўным пратэстоўцы 9-10 чысла. Таксама пацярпелыя маюць псіхалагічныя траўмы. Яны зачыняюцца ў сабе, спрабуюць жартаваць. Але медыкам бачна, наколькі ім непрыемна ўзгадваць тыя падзеі, яны хочуць як мага хутчэй гэта забыць».

Hавiны
«Раўлі ўсе – і дарослыя і дзеці. Цяжарную збівалі таксама». 14-гадовы хлопец распавёў пра катаванні
2020.08.18 21:13

Сілавікоў сярод пацярпелых лекары не бачылі

«Яны лечацца ў сваім шпіталі. У звычайныя шпіталі яны не трапляюць. Наколькі я ведаю нейкіх экстранных і неадкладных выклікаў да сілавікоў не было. Ведаю, што некаторыя журналісты хацелі ўзяць інтэрв’ю ў пацярпелых сілавікоў, грукалі ў міліцэйскія шпіталі, але не атрымалі адказу і звярталіся да нас за дапамогай. Але мы не маем інфармацыі на гэты конт, не ведаем, колькі сілавікоў пацярпелі. Магчыма што і няма пацярпелых сярод сілавікоў наагул».

Затрыманні каля гатэлю «Юбілейны». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Адчуванне, што ідзе вайна

«Медычная супольнасць у нашай краіне ўзбударажаная. Узнікаюць і канфлікты з кіраўніцтвам, якое супраць таго, што мы выказваем сваю грамадзянскую пазіцыю. Але ў мяне ўсе мае калегі не могуць заставацца раўнадушнымі, калі прывозяць такіх людзей. Проста слёзы наварочваюцца. Большасць з нас не маглі ні спаць, ні есці гэтыя дні, моцна перажывалі. Нашая грамадзянская пазіцыя рашучая – мы не збіраемся маўчаць, як просіць нас кіраўніцтва, мы будзем выходзіць на акцыі насуперак словам кіраўнікоў. Я, напрыклад, не бачыла жахлівых траўмаў, як на вайне. Але ўсё роўна шмат цяжкіх выпадкаў як фізічных, так і псіхічных. І калі ты гэта бачыш, і разумееш, што ні за што чалавек застанецца пакалечаным псіхалагічна, ці фізічна, то такога быць не можа быць. Вельмі сумна лячыць такіх людзей».

Hавiны
Майстру музычных інструментаў сілавікі знявечылі пальцы, наступалі нагамі на шыю і галаву
2020.08.19 22:42

Звычайна прадугледжваецца, што калі чалавек паступае з траўмамі, ці распавядае пра гвалт, праваахоўнікі мусяць на гэта рэагаваць і распачынаць расследаванне нават без заяваў і зваротаў. За апошнія тыдні сотні пакалечаных людзей трапілі ў больніцы і ёсць нават згвалтаваныя. Ці бачылі вы, што следчыя працуюць з такімі людзьмі?

«Сапраўды, ёсць такое, што следчыя павінныя правяраць такія выпадкі. І звычайна яны прыходзяць даволі хутка. Прынамсі, так было раней. Але цяпер я не бачыла следчых. Прыходзіла толькі нейкая адна дзяўчына, якая размаўляла з пацярпелай, у іншым выпадку таксама прыходзіў аператыўнік, але ў выніку апынулася, што ён прыходзіў толькі дзеля таго, каб забраць яго рэчы, але не размаўляў з пацыентам. Звычайная яны больш актыўныя ў іншых выпадках. Калі нешта адбываецца з нашымі пацыентамі, яны хутка з’яўляюцца, размаўляюць з лекарамі, з пацыентамі, цікавяцца. А вось у гэты раз я ні з кім не размаўлялі. Нікому не цікава і нікога не цікавіць».

МУС паведамляе, што падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі сілавікі затрымалі каля 7000 чалавек. Шмат хто з іх заяўляе пра збіццё і катаванні. Ёсць і загінулыя, але афіцыйнага расследавання смерці ўдзельнікаў пратэсту сілавікі не распачынаюць.
  • 10 жніўня ў Менску загінуў 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, які, паводле відэакрыніц, быў застрэлены на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет.
  • У Гомлі 11 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня.
  • 16 жніўня загінуў 19-гадовы Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла машына на Партызанскім праспекце.
  • 19 жніўня у вайсковым шпіталі Менску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.
  • У Ваўкавыску знайшлі цела 29-гадовага Канстанціна Шышмакова, які будучы чальцом участковай камісіі адмовіўся падпісваць выніковы пратакол. З ім развіталіся 20 жніўня, родныя адмовіліся каментаваць смерць журналістам. Прычыны смерці пакуль невядомыя.
Сяргей Ягораў belsat.eu
Інтэрв’ю
Засталася толькі пятка. Затрыманыя распавядаюць пра траўмы і бесчалавечнасць сілавікоў. Фота 18+
2020.08.20 20:30
Стужка навінаў