Лекар, на якога паскардзіліся за флірт на працы, патрабуе 600 рублёў маральнай кампенсацыі


Педыятр-інфекцыяніст Міхаіл Кандрацьеў, на якога падалі скаргу за «флірт на працоўным месцы», у судзе Фрунзенскага раёну Менску адстойвае сваю годнасць і дзелавую рэпутацыю.

Ледзь не ўвесь калектыў шпіталю пачаў «жартаваць і перашэптвацца»

У студзені 2019 году бацька аднаго з пацыентаў гарадскога дзіцячага інфекцыйнага клінічнага шпіталя Менску, Дзмітрый Таўсцялёў, напісаў скаргу на дзяжурнага лекара Міхаіла Кандрацьева, які прымаў ягонае дзіця ў боксе інфекцыйнага шпіталю. У скарзе адзначалася: «замест таго, каб аператыўна ісці да дзіцяці, лекар фліртаваў з медсёстрамі».

Суд Фрунзенскага раёну Менску.
Фота: Belsat.eu

Прозвішча лекара ў скарзе не згадвалася. Намеснік галоўнага лекара Андрыян Раяўнёў у прыватнай размове спачатку сказаў Кандрацьеву, што «скарга беспадстаўная», але потым кіраўніцтва зачытала змест дакументу на агульнай нарадзе 7 лютага, дзе прысутнічалі ўсе загадчыкі аддзяленнямі. На момант дзяжурства ў прыёмным пакоі 28 студзеня Кандрацьеў быў адзіным мужчынай-лекарам, таму ўсе зразумелі, пра каго гаворка. На той нарадзе самога Кандрацьева не было. Паводле Кандрацьева, пасля інцыдэнту ледзь не ўвесь калектыў шпіталю пачаў «жартаваць і перашэптвацца» ў яго за спіною.

Міхаіл Кандрацьеў некалькі месяцаў спрабаваў улагодзіць пытанне з Таўсцялёвым, прасіў таго публічна выбачыцца і нават падаў заяву ў міліцыю за паклёп. Міліцыя адмовілася распачынаць адміністратыўную справу, і ў выніку мужчына падаў у суд на Таўсцялёва, а таксама на галоўнага лекара Марыну Сакалову і на Андрыяна Раяўнёва.

Міхаіл Кандрацьеў.
Фота: асабістая старонка на Facebook

«Флірту не было. Я працаваў з 8:30 нядзелі да 8:30 панядзелку»

На пачатку паседжання адказчык Дзмітрый Таўсцялёў хадайнічаў аб закрыцці працэсу, бо матэрыялы нібыта ўтрымлівалі персанальную інфармацыю аб здароўі ягонага сына. Гэтае хадайніцтва падтрымалі прадстаўнікі двух іншых адказчыкаў – адвакаткі Ірына Багніч і Алена Ждановіч. Аднак суддзя вырашыў праводзіць паседжанне ў адкрытым рэжыме.

Падчас свайго выступу ў судзе Кандрацьеў заявіў, што лекары і медычныя сёстры часам жартуюць між сабой, каб «зняць напружанне і разрадзіць абстаноўку».

«Няма ніякага сумневу, што флірту не было. Я працаваў з 8:30 нядзелі да 8:30 панядзелку, дзяжурства было вельмі складанае, але ніводнае дзіця не засталося без дапамогі», – сказаў пазоўнік.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: pixabay.com

Маральныя пакуты, стрэс, перажыванні

Кандрацьеў сцвярджае, што агучванне скаргі і наступствы ў выглядзе насмешак калег спрычынілі яму маральныя пакуты, стрэс і негатыўна паўплывалі на стасункі з жонкай. Акрамя таго, мужчына цяпер скардзіцца на павышаны ціск ад перажыванняў, кажа, што нават даводзіцца прымаць седатыўныя прэпараты. Жонцы ён сам распавёў пра скаргу, каб тая не даведалася ад старонніх людзей. На думку Кандрацьева, маральная кампенсацыя ад усіх трох адказчыкаў у выглядзе 600 рублёў «будзе адпавядаць прынцыпам разумнасці і справядлівасці».

Адвакаты адказчыкаў далучылі да пісьмовых матэрыялаў справы пратаколу той самай нарады, а таксама службовыя інструкцыі для кіраўніцтва шпіталю, з якіх вынікае, што ўсе падзякі, заўвагі і скаргі неабходна агучваць перад калектывам.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: pixabay.com

«Жаданне звярнуць на сябе ўвагу»

Прадстаўніца галоўнага лекара Сакаловай, адвакатка Ждановіч, сказала, што ў дзеяннях кіраўніцтва не было нічога абразлівага для лекара, тым больш ягонае імя не называлася публічна. А скаргу зачытвалі, «каб удасканаліць працу шпіталю і ліквідаваць недахопы».

«З’яўленне гэтага пазову ў судзе выклікана крыўдай Кандрацьева, бо ён не атрымаў сатысфакцыі, звесткі ў ім выкладзены тэндэнцыйна», – дадала адвакатка Багніч.

Таксама адвакаты называюць яшчэ адзін магчымы матыў пазоўніка – «жаданне звярнуць на сябе ўвагу». Яны падкрэсліваюць, што з моманту ўладкавання ў шпіталь у 2016 годзе на Кандрацьева двойчы паступалі скаргі і яго пазбаўлялі прэмій: за спазненне на дзяжурства і парушэнне ў арганізацыі працы. Калі Кандрацьеў запытаў, ці вядома ім, што яму неаднаразова выпісваліся і падзякі, адвакаты нічога не адказалі.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: pixabay.com

Да дзяжурства Кандрацьева не было прэтэнзіяў

«Сваёй скаргай я хацеў указаць на недахопы ў працы. Ноччу 28 студзеня мы з дзіцём прыехалі на хуткай у жудасным стане, ён за тыдзень да гэтага перанёс аперацыю. Лекар не падыходзіў да нас хвілін 40. Калі дзверы боксу адчыніліся, я ўбачыў, што Кандрацьеў стаяў і смяяўся з персаналам. Потым ён падышоў да нас і жартаўлівым тонам запытаў: «Можа, вам ужо не патрэбная дапамога?», – распавёў Таўсцялёў.

Разам з тым вядома, што менавіта па дзяжурстве 28 студзеня кіраўніцтва не выстаўляла ніякіх прэтэнзіяў да Кандрацьева, не было дысцыплінарных спагнанняў.

Дзмітрый Таўсцялёў заявіў, што не патрабаваў нікога канкрэтнага пакараць. Наступнае паседжанне запланаванае на 23 снежня.

КА Belsat.eu

Стужка навінаў