Легендарны Асісяй прыедзе ў Менск


З 27 сакавіка па 1 красавіка ў беларускай сталіцы адбудуцца паказы «сНежнага шоў» – аднаго з самых незвычайных і найбольш запатрабаваных спектакляў свету. Яго аўтар – знаёмы мільёнам з дзяцінства клоўн Асісяй, ён жа Слава Палунін.

«Аднойчы я зразумеў, што хачу зрабіць спектакль, які вяртаў бы нас да нашых дзіцячых мрояў. Спектакль, які дапамог бы людзям, якія прыходзяць у глядацкую залу, выпусціць з засценкаў даросласці хлопчыкаў і дзяўчынак, якімі яны былі калісьці», – узгадвае Палунін.

З моманту стварэння ў 1993 годзе «сНежнае шоў» аб’ездзіла з аншлагамі практычна ўсю планету. Праект і яго аўтары адзначаны прэміямі ў Вялікабрытаніі, Францыі, Аўстраліі, ЗША, Мексіцы і іншых краінах. А ў Японіі «сНежнае шоў» настолькі любяць, што для яго будуюць сталую пляцоўку. У Менск спектакль прыязджаў толькі аднойчы пяць гадоў таму.

Прадстаўленне будзе праходзіць у Цэнтральным доме афіцэраў.

Квіткі ад 50 да 200 рублёў можна набыць на сайце і ў касах Kvitki.by альбо замовіць па тэлефоне: (044) 5 947 947

 

Стужка навінаў