Леанід Злотнікаў: «Або вырасце курс долара, або знізяцца даходы насельніцтва»


Збядненне насельніцтва, высокая інфляцыя, новыя пазыкі. Такая перспектыва становіцца ўсё больш імавернаю дзякуючы нястачы валюты ў Беларусі. Як прызнаецца ўлада, паказнікі экспарту зноў праваленыя, і краіна страціла чарговыя мільярды долараў. Эканамісты не сумняваюцца, што найбольш балюча адчуюць на сабе крызіс спажыўцы.

Беларускія тавары імкліва губляюць канкурэнтаздольнасць

$ 3 млрд. Дакладна такой сумы не далічыўся беларускі бюджэт толькі ў першым паўгоддзі. Валютная выручка імкліва скарачаецца, нягледзячы на дэкрэты і загады кіраўніцтва прыцягваць у Беларусь кожны долар. Што стаіць за чарговым валютным абвалам?

«Упалі цэны на нашыя самыя галоўныя прадукты экспарту. Падзенне цэнаў на нафту, нафтапрадукты і калійныя солі было істотным. Гэта галоўны фактар падзення цэнаў», – сцвярджае эканаміст Леанід Злотнікаў.

У параўнанні з першым паўгоддзем 2015 года (толькі ў галіне экспарту калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў) Сінявокая страціла каля $ 2 млрд. Але гэта, паводле эканамістаў, частка праблемы. Валюта знікае не толькі ў сферы вытворчасці прадукцыі з сыравіны, але і ў шэрагу іншых. Да прыкладу, прыбыткі ад экспарту беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў першым паўгоддзі скараціліся на 14 %. Станоўчымі вынікамі не можа пахваліцца і большасць беларускіх прадпрыемстваў.

«Часткова падзенне звязанае з падзеннем расейскага рынку, а часткова звязанае з тым, што нашыя тавары імкліва губляюць канкурэнтаздольнасць», – упэўненая Кацярына Барнукова, акадэмічны дырэктар цэнтру «Beroc».

Выбар паміж дрэнным і дрэнным

Скарачэнне валютнай выручкі ў Беларусі – праблема не новая. Падзенне сумы згандляванай валюты назіраецца з 2014 – з таго моманту, калі Беларусь, згодна з патрабаваннямі Расеі, прыпыніла бізнес з растваральнікамі. Калі ў эканоміцы краіны не адбудуцца змены, на думку экспертаў, адмоўная тэндэнцыя будзе захоўваецца і далей.

«Мы мусім выплочваць вялікую суму па вонкавай запазычанасці. Запыт на валюту ў дзяржаве вельмі высокі. Мы мусім шукаць або новых міжнародных крэдытораў, якія дапамогуць нам выплаціць пазыкі, або павышаць экспарт. А крыніцаў павелічэння экспарту і валютнай выручкі пакуль не бачна», – тлумачыць спадарыня Барнукова.

Не бачна паляпшэння фінансавага становішча і саміх беларускіх спажыўцоў. Крытычная сітуацыя, паводле адмыслоўцаў, вядзе да яшчэ большага абяднення насельніцтва.

«Або вырасце курс долара, або знізяцца даходы насельніцтва. Калі даходы насельніцтва зніжаюцца, долар можа не павышацца. Яго пакупніцкая здольнасць будзе расці ў сілу падзення нашых прыбыткаў», – даводзіць Леанід Злотнікаў.

Пакуль у якасці аднаго з выхадаў з сітуацыі дзяржава бачыць значнае змяншэнні сабекошту беларускай прадукцыі. Сёлета ўлада паставіла перад прадпрыемствамі задачу знізіць кошты прадукцыі ажно на траціну, каб павялічыць канкурэнтаздольнасць тавараў. Але і гэты план у першым паўгоддзі цалкам праваліўся.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў