«Le Taxi»: Урад Францыі запускае новыя прыкладанні, каб змагацца з «Uber»


У Францыі прэзентавалі платформу прыкладанняў «Le Taxi», якая дазваляе карыстальнікам онлайн замовіць таксоўку.

Карыстальнікі васьмі афіцыйных прыкладанняў могуць выбраць кіроўцаў у залежнасці ад іх блізасці і папярэдніх ацэнак.

Новыя прыкладанні зʼяўляюцца вынікам увядзення ў Францыі законаў, якія накладваюць абмежаванні на сервіс «Uber».

Пакуль платформа «Le Taxi» даступная ў шасці гарадах: Монпэлье, Марселі, Парыжы, Экс-ан-Правансе, Рэне ды Ля Рашэлі, хутка дадауцца Ліон ды Ньор.

Чытайце таксама >>> «Uber» прымусілі сысці з Вугоршчыны, кампанія падае скаргу ў Еўракамісію

Урад мяркуе, што «Le Taxi» стане папулярней за «Uber» дзякуючы вялікай колькасці кіроўцаў, якія могуць зарэгістравацца на платформе. У аўторак база ўрадавага сервісу налічвала 7 тыс. кіроўцаў з 57 тыс. зарэгістраваных у краіне.

Журналісты, якія пратэставалі «Le Taxi», аднак знайшлі некалькі недахопаў. Напрыклад, пасажыр перад паездкай мусіць гарантаваць, што мае наяўныя альбо картку з грашыма («Uber» здымае грошы непасрэдна з банкаўскай карткі). Да таго ж ёсць праблемы з замовай аўта трэцяй асобай: пакуль паехаць можа толькі той, хто трымае ў руках тэлефон з пацверджанай замовай.

НМ, belsat.eu, паводле Thelocal.fr

Стужка навінаў