Лазніца – беларусам: глядзіце «Данбас», такою можа быць ваша будучыня


Напярэдадні прэм’еры ваеннай трагікамедыі «Данбас», якая стала хітом апошняга Канскага фестывалю, вядоўца «ПраСвету» Аліна Коўшык паехала ў Берлін, каб паразмаўляць з рэжысёрам стужкі Сяргеем Лазніцам.

– Што вас натхніла на фільм, які быў штуршок?

– Мне здаецца, сёння гэта адна з самых важных праблем у Еўропе. І як можна не паспрабаваць апісаць, што там адбываецца, я не разумею. З’явілася нешта, што не вельмі падобна на вайну, але гэта вайна. Што імітуе нармальнае жыццё, але такім не ёсць. І гэта працягваецца ўжо 4,5 гады. Гэта значыць, кожны дзень там адбываюцца перастрэлкі, абстрэлы. Ёсць лінія фронту. І кожны дзень ёсць параненыя і забітыя. Але гэта вельмі дзіўная вайна, на якую не звяртаюць увагі еўрапейскія палітыкі. Гэта значыць, быццам бы звяртаюць, але нічога не робяць, каб гэта спыніць.

Гэта вельмі небяспечная сітуацыя. Мы ўсе жывем пад пагрозай таго, што ўсё гэта ўспыхне яркім полымем, пяройдзе ў гарачую фазу і сурʼёзна зменіць сітуацыю Еўропе. Бізнес з Расеяй працягваецца, нягледзячы на ​​тое, што гэта агрэсар, які акупаваў цэлую частку Украіны. Санкцыі санкцыямі. Можа быць, яны ўплываюць, але гэта ўсё роўна не можа спыніць таго, што адбываецца.

Гэта небяспечна яшчэ і таму, што дэгуманізуе прастору. Мы прызвычайваемся да пэўных рэчаў, якія б мы ніколі ў жыцці не прызналі нормай. Гэта разбурае сістэму чалавечых адносінаў.

– Сёння на «Белсаце» прэм’ера «Данбасу». Што б вы хацелі сказаць беларусам?

– Глядзіце і думайце. Гэта можа быць вашай перспектывай. Улічваючы стратэгію беларускага і ўкраінскага суседа да збірання суседніх зямель, Беларусь цалкам можа, пасля Грузіі і Украіны, стаць наступным аб’ектам прэтэнзіяў. Трэба быць вельмі ўважлівымі, каб не стаць абʼектам такой жа маніпуляцыі, як жыхары тэрыторыяў, якія апынуліся ў моцных абдымках расейскіх рук. Бо сапраўдныя прычыны таго, што адбываецца, усе спрабуюць хаваць.

– Што гэта за прычыны?

– Вайна – гэта не пра тое, што тэрыторыю прыйшлі вызваліць і даць ёй незалежнасць. Вайна – гэта рабаваць, забіваць, гвалтаваць. Вы ж тых, хто скажа «мы прыйшлі, каб зрабіць з вас рабоў, вашых дзяцей выкарыстаць для лабараторных досведаў, а з дзяўчат зрабіць прастытутак», не пойдзеце вітаць з кветкамі ды хлебам-соллю? Для гэтага і існуе прапаганда.

Сяргей Лазніца і Аліна Коўшык. Фота belsat.eu

– Вы шмат разважалі пра тое, што вайна – гэта ў пэўным сэнсе маніпуляцыя. Што ў галовы людзей можна закласці думкі, якія зробяць з іх зусім не тых, кім яны былі. Што мы і пабачылі на Данбасе.

– Маніпуляцыя – гэта не вайна, гэта метады і сродкі, пры дапамозе якіх людзей падштурхоўваюць да таго, каб яны перайшлі мяжу. Што такое мяжа? Гэта здольнасць забіваць чалавека. Вайна ўзнікае, калі людзі гатовыя забіваць адзін аднаго. Гэта не так проста. Троцкі скардзіўся ў лістах з лініі фронту, калі ён спрабаваў падымаць сялянства на грамадзянскую вайну, як цяжка растлумачыць мужыку, чаму ён павінен узяць вінтоўку і страляць у сабе падобных.

Дзеля гэтага і працуе армія прапагандыстаў. І ў руках гэтых людзей ужо зусім іншыя тэхналогіі. Яны могуць выкарыстоўваць усе магчымасці медыяў, каб людзі перасталі думаць і пачалі рабіць пэўныя крокі.

– Вы нарадзіліся ў Беларусі, у Баранавічах. Калі вы апошні раз былі на радзіме?

– У 2012-м, напэўна, быў. З фільмам «У тумане». Беларусь была капрадзюсерам, працэнтаў дзесяць фінансавання. Ну як я мог рабіць фільм, не прыцягваючы да ўдзелу краіну, паводле аповесці нарадзінца якой, вялікага пісьменніка беларускага Васіля Быкава рабіў фільм. Была прэм’ера, у вялікім кінатэатры «Кастрычнік», па-мойму. І я запрасіў тады ўдаву Васіля Быкава. У той момант я нават не чакаў, што [беларускія – рэд.] улады падтрымаюць гэтую карціну. І пасля гэтага было распараджэнне зрабіць музей, вярнуць імя [Быкава – рэд.] у грамадскае жыццё.

Памятаю прэм’еру тут, у Берліне. Я запрасіў тых, хто ў апазіцыі знаходзіцца, і прадстаўнікоў амбасады. І тыя, і другія прыйшлі. І тыя, і другія зазналі моцныя перажыванні, паглядзеўшы карціну. І ў мяне была ўнікальная магчымасць сказаць: хлопцы, вось бачыце, ёсць жа рэчы, якія вас аб’ядноўваюць. Падумайце над гэтым. Культура!

Сяргей Лазніца. Фота belsat.eu

– Ці спрабавалі вы вывесці фільм «Данбас» у беларускі кінапракат ці, скажам, трапіць на фестываль «Лістапад»?

– У праграму фестывалю «Лістапад» карціну не ўзяў. Наколькі я ведаю, усе, хто адбірае, уважліва сачылі, пакажуць ці не фільм у Расеі. У Расеі паказ быў адменены па тэхнічных прычынах. «Майдан» [яшчэ адзін фільм Лазніцы – рэд.] таксама не паказалі на фестывалі «Лістапад».

– За «Данбас» вас вельмі рэзка крытыкавалі ў Маскве. Як вы яе ўспрымаеце?

Для таго, каб крытыкаваць і быць сумленнымі з гледачом, неабходна паказаць гэтую карціну. Калі хтосьці яе крытыкуе і звяртаецца да расейскіх гледачоў, а карціна забаронена, гэта прынамсі непачціва.

– У Расею вы не ездзіце.

– Калі абвешчана, што карціна нясе тэрарыстычны кантэнт… У Расеі пяць гадоў за гэта даюць. У мяне яшчэ ёсць карціны, якія я вельмі хацеў бы зняць. Я б, канечне, і ў турме знайшоў бы чым заняцца, але пакуль хацеў бы на волі пабыць.

– Вы вельмі хутка і інтэнсіўна рэагуеце на палітычныя падзеі ва Украіне. Не баіцеся, што вас напаткае лёс Сянцова? Сёння быць рэжысёрам таксама вельмі небяспечна.

– Ваўка баяцца – у лес не хадзіць. Кінарэжысёр – гэта прафесія сур’ёзная. Калі б быў страх, я б гэтыя карціны не рабіў. Я раблю гэтыя фільмы, таму што мяне гэта вельмі глыбока турбуе. Гэта мне баліць.

– Пра што вы марыце?

Зрабіць наступны фільм. Я ў прынцыпе народжаны для таго, каб рабіць кіно. Як толькі я скончу адну карціну, адразу пачынаю іншую. Цяпер у мяне іх пяць на рознай стадыі.

ІА/АА, belsat.eu

Стужка навінаў