Лавіна банкруцтваў: дзесяць на дзень, і колькасць расце


Вёска Чысць, што за 60 кіламетраў ад Менску, налічвае 6 800 жыхароў. Ільвіная частка працаздольнага насельніцтва некалі працавала на прадпрыемствах холдынгу «Забудова» – аднаго з найбуйнейшых у краіне вытворцаў будаўнічых матэрыялаў, які месціцца тут сама.

65 адсоткаў холдынгу «Забудова» належаць дзяржаве. Два гады таму на яго заводах ды аграпрадпрыемствах працавалі 1800 чалавек. У 2013-ым годзе Адміністрацыя прэзідэнта заблакавала набыццё прадпрыемства зацікаўленым інвестарам, а летась яно падало на банкруцтва.

«Вельмі жорсткая канкурэнцыя, бо існуе каля 10 заводаў, якія выпускаюць аналагічную прадукцыю. Пры гэтым беларускі рынак вельмі маленькі. Калі раней быў экспартны патэнцыял, то бок вельмі шмат экспартавалі ў Расею, то цяпер гэтая ўся прадукцыя сканцэнтраваная ў Беларусі», – прызнаецца Андрэй Мацюк, выконваючы абавязкі гендырэктара «Забудовы»

«Забудова» традыцыйна была градаўтваральным прадпрыемствам Чысці, таму ўлады пастанавілі ўтрымаць холдынг на паверхні любым коштам. Летась у лістападзе эканамічны суд дазволіў «Забудове» дзеяць ва ўмовах санацыі – вызвалення ад усіх папярэдніх даўгоў. За апошнія два месяцы прадпрыемства нарэшцевыйшла на прыбытак, распавёў нашаму тэлеканалу антыкрызісны распарадчык прадпрыемства, які, пасля пачатку працэдуры банкруцтва, выконвае функцыі генеральнага дырэктара «Забудовы».

Паказалі прыбытак, але стала яшчэ горш

Па выніках пяці месяцаў года, страты холдынгу зменшыліся на 10 %, што праўда, гэта пры тым, што яны цяпер вызваленыя ад выплатаў паводле старых запазычанасцяў. А гэта, у сваю чаргу, ударыла і па цэментавых заводах, якім «Забудова» была вінная. Iх урад банкрутаваць, аднак, не наважыўся, a выдаў замест гэтага ў снежні гарантыі пад чарговую порцыю ратавальных крэдытаў.

«Пасля адкрыцця конкурснага працэсу ўдалося знізіць сабекошт прадукцыі за кошт змяншэння крэдытнай нагрузкі, працы з выдаткамі на матэрыялы, паляпшэннем абаротных сродкаў», – упэўнены Уладзімір Арцюгін, эканамічны аглядальнік.

У межах аздараўленчых захадаў былі зліквідаваныя шэраг падраздзелаў кампаніі, звольненыя 350 працаўнікоў.

Паводле інфармацыі парталу bankrot.gov.by, якую адмыслоўцы лічаць няпоўнаю, з 2005 да 2011 года выпадкаў банкруцтва былі адзінкі. З 2012 – дзясяткі, у 2014-ым годзе – больш за 300, летась – амаль 1500, сёлета – без малога 1300 толькі за першае паўгоддзе. То бок кожны працоўны дзень банкрутуе каля дзясятка юрыдычных асобаў. Што праўда, дзяржаўныя прадпрыемствцы складаюць сярод іх пакуль меншасць.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў