Каментуючы нежаданне афіцыйнага Менску размясціць расейскую вайсковую базу, кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў адзначыў, што гэта сталася непрыемным фактам. Пра гэта міністр распавёў у інтэрв’ю газеце «Коммерсант».
«Гэта сапраўды непрыемны эпізод», – сказаў Сяргей Лаўроў.
Пры гэтым Лаўроў падкрэсліў, што ў двухбаковых стасунках не так усё і кепска. Асабліва гэта датычыцца вонкавай палітыкі, якая зʼяўляецца сумеснай.
«Але галоўнае не форма, а змест. А па змесце кіраўнік Беларусі Лукашэнка неаднаразова казаў, у тым ліку адказваючы на пытанне пра базу, што Беларусь – саюзнік Расеі на ўсе 100%, і што беларускія ўзброеныя сілы трэба разглядаць як сілы, што абараняюць нашы агульныя інтарэсы і нашу агульную тэрыторыю», – дадаў Сяргей Лаўроў.
Тэма расейскай вайсковай базы ў Беларусі актыўна абмяркоўвалася ў 2013-2015 гады. Крэмль настойваў, каб расейскія войскі з’явіліся на пастаяннай аснове ў нашай краіне. Аляксандр Лукашэнка пазней адзначыў, што неабходнасці ў гэтым няма.
СК belsat.eu