Лаўрэат Пуліцэраўскай прэміі: Будзьце скептычныя да таго, што вам падабаецца ў інтэрнэце


«Трамп кажа больш няпраўды, чым Абама», – лічыць Аарон Шаракман, лаўрэат прэстыжнай Пуліцэраўскай прэміі ды галоўны рэдактар самага буйнога сэрвісу факт-чэкінгу ў ЗША politifact.com. Інтэрв’ю Аліны Коўшык са славутым амерыканскім журналістам паказалі ў праграме «ПраСвет».

На працягу дванаццаці гадоў вы праверылі 17 тысяч фактаў. Большасць з іх была праўдай ці падманам?

Большасць з іх, напэўна, была паўпраўдай – гэтак мы бачым свет, я мяркую. Гэта не белае або чорнае, не праўда або падман, а гэта сярэдзіна – паўпраўда. Так мы бачым свет.

Але гэта складана. Паўпраўда – што гэта значыць?

Так, гэта складана зразумець. Для нас гэта азначае, што частка выказвання праўдзівая, а другая частка – хлусня. Гэта можа весці да скажэння карціны, падавання непраўдзівай інфармацыі. Гэта нават можа быць фактам, але не абавязкова праўдай. Калі мы засноўвалі «Politifact» у 2007 годзе, мы шмат разважалі, што такое праўда. І мы зразумелі, што людзі вельмі часта маніпулююць праўдай дзеля сваіх мэтаў, высноваў. І таму мы бачым гэтак званыя паўпраўды. Гэта не поўная хлусня, падман, але гэта і не рэальнасць, не дакладная карціна.

Ці заўважылі вы, што колькасць паўпраўдаў ці фэйкавых навінаў апошнім часам павялічылася?

Я мяркую, што асабліва онлайн мы бачым шмат дэзынфармацыі. Але яна заўсёды там была. Аднак змяніўся шлях інфармацыі, цяпер яна трапляе на «Facebook», «YouTube» ці «Instagram». Дэзынфармацыя праходзіць хутчэй і дасягае большай колькасці людзей. Ці больш сталі падманваць? Я не ведаю, але думаю, што мы гэта проста заўважаем больш, бо інтэрнэт зрабіў гэта простым.

Добра, а хто галоўны пастаўнік фэйкаў у ЗША?

У ЗША вельмі часта, калі мы кажам пра фэйкньюз, – мы кажам пра прапаганду, урады. Як, напрыклад, былі дыскусіі наконт прапаганды ва ўрадзе Украіны. У ЗША людзі хочуць зарабляць грошы. У асноўным людзі, якія ствараюць фэйкавыя навіны, публікуюць іх онлайн. Яны спадзяюцца, што вы клікнеце, я клікну, а яны атрымаюць заробак з рэкламы. І гэта людзі, якія працуюць у сваіх дамах, і ствараюць вельмі шмат фэйкаў штодня. Яны спадзяюцца, што гэта падхопяць у «Facebook’у», і навіна стане віральнай.

Вы стварылі «Трампаметр» і «Абамаметр». Калі параўнаць гэтых двух палітыкаў, якую розніцу вы бачыце паміж імі?

Канечне, самая простая розніца заўважная тым, хто сачыў за выступамі Барака Абамы ці Доналда Трампа. Першы быў вельмі асцярожны ў выказваннях – магчыма, меў сцэнар, можа, не зусім сапраўдны. Але ён быў асцярожны са словамі, якія ўжываў. Ён думаў пра гэта, магчыма, нехта пісаў яму выступы. Доналд Трамп кажа тое, што прыйдзе яму ў галаву, з глыбіні сэрца. І ў гэтых выпадках ён можа ляпнуць нешта недакладнае, бо ён не спраўдзіў тэму, альбо яму не дапамагла асоба, што піша выступы. І я думаю, што ў гэтым найбольшая розніца. Але Трамп кажа больш няпраўды, чым Абама. Мы на «Politifact» сочым за ім з 2012 года, да таго, як ён стаў прэзідэнтам, а за Баракам Абамам сочым з 2007 года. І відавочна, Трамп кажа больш няпраўды. Мяркую, прычына ў тым, што ён часта выходзіць за межы напісанага, кажа ўсё, што прыйдзе яму ў галаву. А большасць палітыкаў уважлівейшыя і асцярожнейшыя.

Як людзі павінны фільтраваць інфармацыю ў інтэрнэце? Не кожны мае доступ да «Politifact», і ў Беларусі мы пакуль не маем такіх сайтаў. Калі мы слухаем палітыкаў, можа, вы дасце нам парады?

Самае важнае, што я хачу сказаць, – мы павінны быць скептычнымі да ўсяго, што чуем у палітыцы. Памятайце, што палітыкі кажуць нешта, каб здабыць вашае падтрыманне, вашыя галасы. Гэта ўгода, трымайце ў галаве. Я заўсёды кажу, калі нехта палітык, ды не толькі, нешта кажа табе – затрымайся на пару секундаў і правер іншыя крыніцы інфармацыі пра выказванне. Ці ёсць інфармацыя, якая пацвярджае тое, што сказаў палітык? Ці ёсць інфармацыя, што ставіць пад сумнеў тое, што сказаў палітык? Мяркую, што варта зрабіць невялікае даследаванне, а я не прашу траціць на гэта гадзіны або ісці ў бібліятэку, каб шукаць інфармацыю, – некалькі хвілінаў. Паслухайце, што сказаў палітык, падумайце крытычна – ці гэта праўда, дзе крыніца інфармацыі. Задайце самыя простыя пытанні, і вы будзеце ў значна лепшай пазіцыі.

Ці правяралі вы і еўрапейскіх палітыкаў? Можа, Уладзіміра Пуціна?

Так, мы рабілі фактчэкінг Пуціна, але наш фокус у асноўным на ЗША, бо большасць нашых чытачоў з ЗША. Раней мы правяралі Уладзіміра Пуціна і заявы пра Украіну. Мы правяралі факты ў заяве пра змены клімату, пра Блізкі Усход. Але ўсё гэта найчасцей праз амерыканскія акуляры. Але добрая навіна ў тым, што ў Еўропе шмат вельмі добрых фактчэкераў. «Politifact» сябруе з арганізацыямі ў Міжнароднай сетцы фактчэкінгу. Гэта група 70 фактчэкераў з усяго свету, якія высвятляюць розныя тэмы ва ўсім свеце – гэтак, як мы гэта робім у ЗША.

Цяпер вашая аўдыторыя пераваліла за 6 мільёнаў чалавек кожны месяц. Але з чаго пачынаўся ваш праект?

Шчыра кажучы, у Злучаных Штатах мы заўважылі, што вельмі часта журналісты проста паўтараюць тое, што сказалі палітыкі. Для іх словы палітыкаў не былі выклікам. Мы часта чулі гісторыі – палітык сказаў гэта, апазіцыя сказала тое, і туды-сюды цытаты, цытаты, цытаты, цытаты. З гэтай гісторыі чытач нічога не выносіў – толькі тое, што яны не згодныя. Гэта ўсё, што можна было дазнацца. І мы падумалі, што сярод вялікай колькасці інфармацыі онлайн мусіць быць месца, дзе можна знайсці толькі факты, толькі праўду. Мы не прадказваем будучыню, мы не галовы ў тэлебачанні, ці выказваем нашыя меркаванні. Мы насамрэч хацелі грунтавацца на фактах, бо верылі, што мусіць быць месца ў інтэрнэце, дзе людзі адшукаюць такую інфармацыю.

Ці былі ў вас вялікія памылкі?

Так, але я б не назваў гэта вялікай памылкай. Гэта цяжкая праца. Мы апублікавалі 17 тысяч фактчэкаў. Праверка адной заявы займае ў нашых рэпарцёраў адзін-два дні. Гэта шмат. Асабліва для невялікіх медыяў, дзе некалькі рэпарцёраў, і вы просіце іх зрабіць больш. І тое, чаму мы навучыліся, – не трэба спяшацца, трэба ісці паволі ў адпаведным кірунку. Вы ж не хочаце абвінаваціць Трампа ці Абаму ў хлусні ды памыліцца. Вы мусіце быць упэўненыя ў вашых фактах.

Тое, чаму мы навучыліся ў гэтым працэсе, – і гэта вельмі цікава, англійская мова крыху дзіўная, калі вы нешта чытаеце, гэта можа адрознівацца, калі гэта кажа палітык, – як расстаўляе сэнсавыя акцэнты ў сказе, які тон выказвання. А таму мы рабілі такія памылкі, чыталі цытаты: «О, вось што ён сказаў!», і маглі памыліцца. Яшчэ адна справа, мы імкнуліся даследаваць вельмі складаныя тэмы, маглі нешта прапусціць, не зрабіць поўнай экспертызы, якая была патрэбная. Мы публікавалі артыкул, і часам чытачы нам дапамагалі, пісалі, што мы нешта абмінулі, альбо што нам трэба звярнуцца да пэўнай асобы, ці варта прачытаць гэтае даследаванне. А таму мы не ідэальныя, і калі вы чытаеце «Politifact», варта чытаць і іншыя крыніцы, каб нас правяраць. Але мы сапраўды цяжка працуем. З сямнаццаці тысячаў праверак большасць была дакладнай. А таму мы рэальна добра працуем.

ВІДЭА
Што азначае «гібрыдная вайна» для Беларусі?
2015.12.24 12:06

А што было вашай найбольшай перамогай?

Самай вялікай перамогай… Я думаю, што мы ад пачатку зразумелі, што людзям у ЗША гэта падабаецца. Мы асвятлялі прэзідэнцкія выбары 2008-га, былі першай групай у ЗША, якая гэта рабіла штодня і штодня публікавала матэрыялы ў газетах ва ўсёй краіне. А пасля гэтага мы атрымалі Пуліцэраўскую прэмію – найвялікшую журналісцкую ўзнагароду ў ЗША. Насамрэч мы былі першым сайтам, які атрымаў такую ўзнагароду. Гэта было неверагодна. Мы былі маленькай групай. Нас было 10 рэпарцёраў, непараўнальна з вялікімі карпарацыямі, як «The Washington Post» ці «The New York Times». А таму атрымаць такую ўзнагароду было неверагодна крута. Але нашыя перамогі – таксама калі штодня чытачы пытаюць нас: ці гэта праўда? Яны разлічваюць на нас у пошуку адказаў альбо проста пішуць: дзякуй за тое, што вы робіце ў такіх складаных справах, у палітыцы, у Вашынгтоне ды інтэрнэце.

Ці ведаеце вы ўніверсальныя медыйныя інструменты, каб змагацца з фэйкавымі навінамі?

Не ведаю, ці існуюць універсальныя медыйныя інструменты, каб змагацца з фэйкамі. Калі я размаўляю з людзьмі, то падкрэсліваю, што галоўны інструмент – гэта мозг. Фактчэкеры не могуць развязаць праблемы для ўсіх. Людзі бачаць больш дэзынфармацыі, чым правераных фактаў. Існуе больш дэзынфармацыі, чым фактчэкінгу. І як грамадства мы мусім вучыць грамадзянаў і тых, хто мае права голасу, самастойна адрозніваць – што рэальнасць, а што не. І тут ёсць розныя інструменты. «Reverse Google Image Search», які дапамагае лепш разумець карцінкі ды іх крыніцы. Я таксама прыхільнік выкарыстання «Вікіпедыі» як інфармацыйнай базы, што дапамагае адрозніць праўду ад падману. Але я не веру, што ёсць пэўны сайт або медыі, якім можна давяраць на ўсе 100 %. Мы мусім выкарыстоўваць нашыя мазгі, і гэта самае важнае.

Гэта магло б быць вашым выказваннем: «Не вер нікому і нічому, пакуль не спраўдзіш»?

Я б сказаў так. Я б хацеў, каб людзі былі скептычнымі да таго, што бачаць. І нават больш: калі ты нешта бачыш онлайн, з чым пагаджаешся, то будзь яшчэ больш скептычны да гэтага. Яшчэ адна рэч, пра якую я шмат кажу: калі ты бачыш у інтэрнэце тое, з чым не згаджаешся пра Беларусь, пра Еўропу ці пра ЗША, то хутчэй за ўсё, ты будзеш скептычна ставіцца да гэтай інфармацыі, будзеш думаць, што гэта не можа быць праўдай. Але калі бачыш тое, з чым згодны, – мы не маем такой рэакцыі. А таму важна памятаць: усё, што мы бачым у інтэрнэце, ёсць там з пэўнай прычыны. Напрыклад, у «Facebook’у» мы бачым пасты, якія, на думку «Facebook’у», нас зацікавяць, нам спадабаюцца – і мы клікнем. Мы не абавязкова бачым праўдзівыя, шчырыя пасты. Паўтаруся: будзьце скептычныя да таго, што вам падабаецца ў інтэрнэце, бо можа быць, што нехта вас выкарыстоўвае.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 03.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў