Аляксандр Фядута Лаўка закароткая. Але на іхні век хопіць

паліткансультант

Пачалася чарговая ратацыя кадраў у верхніх эшалонах улады. Яшчэ больш маштабную прэзідэнт анансаваў на пачатак года.

Яно зразумела. Калі дыванкі не выбіваць, моль заседзецца ў іх і ўсе зжарэ. Ці не моль. Але ўсё роўна, выбіваць час ад часу дываны трэба.

Можна сказаць, што ад перамены месцаў складнікаў сума не зменіцца. Ну, напрыклад, паставяць замест Міхаіла Мясніковіча Наталлю Качанаву. Сімпатычная жанчына, любімая суразмоўніца ўсіх магілёўскіх цыган. Савет Рэспублікі па-іншаму запрацуе? Не запрацуе.

Але можа ж быць і іншае.

Куды і навошта перасунулі першага віцэ-прэм’ера Турчына? З кім ні пагаворыш, усе характарызавалі яго як чалавека дасведчанага, талковага, у палітыку без патрэбы які не лезе, але эканамічныя пытанні ўмее вырашаць. Перасунулі яго на Менскую вобласць. Выглядае як перамяшчэнне па шахматнай дошцы любімага «каня» ва ўмовах, калі нешта там задумаў гросмайстар, толькі размяшчэнне фігур на дошцы памяняць засталося. Вось што гэта значыць?

Якімі вы бачыце стасункі з Расеяй? Расейскія «сацыёлагі» тэлефануюць беларусам

Падумаем разам, сябры мае. Менская вобласць сёння ўсё-ткі сталічная, хоць адносна кадравага патэнцыялу з Магілёўскай наўрад ці можна іх параўнаць. Прэзідэнт па ёй туды-сюды гойсае. Самыя «смачныя» землі – тут. «Беларускалій» як галоўная крыніца валюты ў дзяржаве – таксама тут. Увогуле, не варта табе, Аляксандр Генрыхавіч, ва ўрадавым апараце цвіллю пакрывацца – займіся-ка справай. А прэзідэнт яшчэ ўважлівей прыгледзецца.

Так выводзяць з-пад бою шахматную фігуру, якой да часу не хочуць ахвяраваць.

А ахвяраваць прыйдзецца.

Сяргей Румас, прэм’ер-міністр Беларусі з жніўня 2018 года. Фота Alexander Astafyev / TASS / Forum

Магчыма, што і не адбудзецца падпісанне славутных «дарожных карт» інтэграцыі Расеі і Беларусі. І не таму, што Севярынец там кагосьці на плошчу выведзе (як выведзе, так і адвядзе – падумаў, мабыць, прэзідэнт), а таму, што падпісваць на самай справе нікому нічога не хочацца. Але народу пра гэта не скажаш. Значыць, трэба шукаць крайняга. «Крайнім» у нас традыцыйна прызначаюць ўрад. Вось, у ім чысткі і адбудуцца.

А каго чысціць? Турчына? Дык ён ужо не там!

Крутога? Дык яго толькі што прызначылі, дайце яму папрацаваць як мае быць.

Качанаву? Стоп, хлопцы, гэтая жанчына таксама ўжо Мясніковічам працуе (ну, да таго часу, будзе). А замест яе і Арду прызначыць можна.

Застаецца з вышэйшага кіраўніцтва Сяргей Румас. Ну, гэты, напэўна, і да выбараў прэзідэнцкіх можа дасядзець. Нікому бо чалавек не замінае. А калі перад выбарамі прыйдзецца здымаць – ці адразу пасля іх, – дык усе палітычныя даўгі перад народам адным махам і спішуцца. Ну, або двума махамі – Румасам і Макеем заадно.

Прэм’еры Беларусі і Расеі: Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў на перамовах у Маскве. Фота Dmitry Astakhov / TASS / Forum

Так, кадравая лаўка закароткая, але на іхні палітычны век хопіць. На шахматнай дошцы набор фігур абмежаваны, а «пешка» пакуль яшчэ да «ферзя» дарасце… Таму будуць мяняць шыла на мыла, міністра на намесніка міністра, а дзяржаўны курс ад гэтага ўсё роўна ж не зменіцца. Каб курс змяніць, іншая ратацыя патрэбна, гэта кожны чыноўнік разумее. Але менавіта таму яны і застаюцца чыноўнікамі, што ведаюць: галоўнае – умець маўчаць своечасова. І гучна маўчаць. Каб усе чулі, што яны – маўчаць.

Вось так і цяпер. І толькі каментатары недзяржаўных медыя паспяшаюцца навыперадкі тлумачыць адзін аднаму, што б гэта азначала.

Нічога. Апранаем пікейныя камізэлькі і ідзем на бульвар ў шахматы гуляць. Там і пагаворым. Тэрмас з кавай я ўжо падрыхтаваў.

Аляксандр Фядута/АА

belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары