Латвія выклала архівы КГБ у адкрыты доступ


Нацыянальны архіў Латвіі адкрыў доступ да часткі картатэкі КГБ. З карткамі агентаў можна азнаёміцца ​​на сайце архіва.

Архіў у выглядзе файлаў у фармаце PDF выкладзены па адрасе kgb.arhivi.lv. Таксама можна зайсці на асноўны сайт архіва – www.arhivi.gov.lv, затым выбраць раздзелы Aktualitātes або Virtuālās izstādes un digitālie resursi. Дакументы апублікаваныя ў адсканаваным выглядзе, то бок асноўная частка картатэк будзе на расейскай мове, а тэкст – напісанай ад рукі.

Картатэка агентуры КГБ у Латвійскай СССР (усяго 10 612 картак) апублікаваная ў алфавітным парадку. У яе ўваходзяць імёны як актыўных у канцы 1980-х гадоў агентаў, гэтак і выключаных. Таксама 1-й аддзел КГБ (выведка) уносіў у гэты архіў агульныя дадзеныя аб асобах, якія планавалі выехаць з СССР за мяжу, а таксама імёны патэнцыйных кандыдатаў для вербавання ў выпадку вайны ці неспадзяванай сітуацыі.

Маецца таксама картатэка статыстычнага ўліку агентуры КГБ (4141 картка). У ёй усё тыя ж імёны, што і ў алфавітнай картатэцы, проста яны згрупаваныя па прыналежнасці да структурных адзінак КГБ. Гэты архіў за савецкім часам выкарыстоўваўся для падрыхтоўкі справаздачнасці.

Апублікаваная і картатэка «пазаштатных аператыўных работнікаў КГБ» – асобаў, якія на грамадскіх пачатках аказвалі чэкістам «дапамогу ў контрвыведвальнай дзейнасці на транспартных, прамысловых аб’ектах, а таксама асобных установах Мінабароны». У гэтым архіве знаходзіцца 75 картак. Пазаштатным аператыўнікам не давалі пазыўных, а стваралі абрэвіятуру з першых літараў імя, прозвішча і імя па бацьку.

Спрэчкі вакол адкрыцця архіваў КГБ у Латвіі ішлі на працягу дзесяцігоддзяў. Мяркуецца, што ў пачатку 1990-х гадоў самая каштоўная частка архіва магла быць вывезена ў Маскву.

ІІ, belsat.eu, паводле delfi.lv

Стужка навінаў