Латвійскі нафтаправод можа перайсці ва ўласнасць Беларусі


У чэрвені 2018-га Латгальскі акружны суд пастанавіў спагнаць з латвійска-расейскай кампаніі «LatRosTrans» € 66,7 млн на карысць беларускага прадпрыемства «Полоцктранснефть “Дружба”». Рашэнне суда ўступіць у сілу ў выпадку, калі Вярхоўны суд Латвіі адхіліць касацыйную скаргу па гэтай справе. У гэтым выпадку нафтаправоды «LatRosTrans» могуць перайсці ва ўласнасць беларускай кампаніі, паведамляе латвійскае выданне «Latvijas avīze».

Судовы працэс па гэтай справе распачаўся ў 2010 годзе. Тады кампанія «LatRosTrans» выпампавала з нафтаправода Полацк-Вентспілс буферную нафту (150 000 тонаў) і прадала яе. Адбылося гэта праз некалькі гадоў пасля спынення транзіту расейскай нафты праз Латвію. Прадпрыемства «Полоцктранснефть “Дружба”» заявіла свае правы на тэхналагічную нафту і звярнулася ў суд.

Паводле «Полоцктранснефть “Дружба”», Беларусь мае права на тэхналагічную нафту з часоў распаду СССР.

Калі рашэнне Латгальскага суда ўступіць у сілу, «LatRosTrans» будзе вымушаны сплаціць беларускаму боку € 66,7 млн. У выпадку неплацежаздольнасці кампаніі трубаправоды пяройдуць ва ўласнасць Беларусі.

Летась «LatRosTrans» зарабіў € 1,7 млн, а абарот склаў каля € 10 млн. Агульная працягласць трубаправодаў складае 780 км (нафтаправод Полацк-Вентспілс – 336 км).

Скрыншот з latrostrans.lv

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў